У кампутарах журналістак знайшлі крамолу


Справу адкрылі паводле інфармацыі, якую следчыя знайшлі ў аргтэхніцы, канфіскаванай у Наталлі Радзінай, Ірыны Халіп, Марыны Коктыш і Святланы Калінкінай. Па якім артыкуле распачалі справу, і ў якасці каго па ёй праходзяць журналісткі, начальнік следчага аддзелу пракуратуры Менску Сяргей Іваноў паведаміць журналістцы сайту charter97.org Наталлі Радзінай адмовіўся.

Як распавяла “Белсату” журналістка “Народнай Волі” Марына Коктыш, следчы Іваноў заявіў ёй у тэлефоннай размове, што канфіскаваную тэхніку на экспертызу запатрабавалі з Гомля.

Нагадаем, кампутары ды іншую аргтэхніку канфіскавалі ў журналістак “Народнай Волі” Святланы Калінкінай і Марыны Коктыш, журналісткі сайту charter97.org Наталлі Радзінай і карэспандэнткі расейскай “Новой газеты” Ірыны Халіп сёлета ў студзені і сакавіку. Ператрусы праходзілі ў межах крымінальнай справы, адкрытай па факце паклёпу ў інтэрнэце на былога начальніка УКДБ па Гомельскай вобласці, генерала Івана Каржа. Аднак крыміналу ў дзеяннях журналістак гомельскія следчыя не знайшлі і больш за месяц таму спісалі справу ў архіў.

“Адвакаты, з якімі я кансультавалася, заявілі, што тэхніку мусілі адразу ж нам вярнуць, але цяпер высвятляецца, што пачатая новая справа, гэтым разам Менскай пракуратурай, і па ёй да нашай тэхнікі ёсць пытанні”, – гаворыць Марына Коктыш. Журналістку абурае той факт, што іхныя кампутары некалькі месяцаў заставаліся невядома дзе, і тэарэтычна за гэты час у іх магла “з’явіцца” любая крамола.

Беларускіх журналістак таксама непакоіць, што пракуратура не дае ніякай інфармацыі, і пра новую крымінальную справу яны даведаліся выпадкова. “Хутчэй за ўсё справу распачалі на падставе мінулых экспертызаў, пракурорскім жа трэба паказаць, што той вялізны аб’ем працы, які быў праведзены па справе Каржа, не дарэмны”, – мяркуе Марына Коктыш.

belsat.eu

Стужка навінаў