Лукашэнка: Найбольш я спачуваў бацькам расстраляных


Смяротнае пакаранне абвінавачаных у тэрарызме Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава стала для Аляксандра Лукашэнкі “чарговы трагедыяй ў жыцці”. Пра гэта беларускі кіраўнік заявіў у эксклюзіўным інтэрв’ю тэлеканалу Russia Today.

Інтэрв’ю было дадзена 20 сакавіка ў час візіту Лукашэнкі ў Маскву. Сёння яго ўрыўкі з’явіліся ў некаторых расейскіх СМІ. Інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі тэлекампаніі Russia Today будзе паказана па канале “Беларусь-1” 22 сакавіка пасля праграмы “Панарама”.

“Больш за ўсё я суперажываў бацькам гэтых людзей, якім я дапамагчы не магу. Вось часта пытаюцца: „Што для вас самае складанае?” Я ўжо казаў неяк публічна, што для мяне самае складанае – падпісаць адпаведны ўказ аб непамілаванні. Памілаваў ж я за ўвесь перыяд (знаходжання ва ўладзе. – belsat.eu), па-мойму, толькі аднаго чалавека “, – сказаў Лукашэнка.

Ён таксама сцвярджае, што Еўразвяз ніколі не прасіў яго пачакаць з выкананнем смяротнага прысуду Канавалаву і Кавалёву. “Еўразвяз заўсёды ад нас патрабаваў адмяніць смяротнае пакаранне”, – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, Захад не прапаноўваў яму ніякіх дыпламатычных саступак. “Мне гэта не прапаноўвалі. Потым, якія гэта будуць палітычныя саступкі? Але нават калі б мне прапанавалі, было б так, як сёння ёсць. Таму што гэта цалкам несупаставімая праблема і пытанні. Палітычныя саступкі з боку Захаду патрабуюць палітычных крокаў насустрач Захаду. Гэта чыстая крымінальшчына, прытым вельмі катастрафічная крымінальшчына, прабачэння якой няма. Я думаю, так бы паступілі і ў Расеі, і ў іншых краінах. Таму няма чаго тут параўноўваць. І яшчэ раз падкрэсліваю: мне гэта і не прапаноўвалася “, – сказаў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што судовы працэс па справе Канавалава і Кавалёва “ішоў ад пачатку да канца абсалютна празрыста”. “І потым, намёк нейкі на фальсіфікацыю, падтасоўку … Паўстае пытанне: навошта? Адкажыце вы мне на пытанне, устаўшы на маё месца: навошта мне гэтая фальсіфікацыя?” – пацікавіўся Лукашэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў