Якія санкцыі чакаюць беларускі рэжым 23 сакавіка?


Новыя звесткі: чорны спіс Еўразвязу можа пашырыцца на 29 кампаніяў і 12 чалавек, дзевяць з якіх – прадстаўнікі судовай сістэмы.

Такія лічбы паведамляе агенцтва AFP са спасылкаю на ананімнага высокапастаўленага чыноўніка ЕЗ. Паводле яго, піша charter97.org, еўрапейскія краіны працягваюць перамовы пра новыя санкцыі супраць беларускага рэжыму, каб прымусіць Лукашэнку вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў. Крыніца паведамляе, што прагучала прапанова ўвесці санкцыі ў дачыненні 29 кампаніяў і 12 чалавек, дзевяць з якіх прадстаўляюць судовую сістэму.

«Санкцыі – гэта вельмі моцны палітычны і эканамічны пасыл краіне», – заявіла вярхоўная прадстаўніца Еўразвязу ў пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Кэтрын Эштан на паседжанні камітэту міжнародных справаў Еўрапарламенту 20 сакавіка.

Кэтрын Эштан падсумавала пасыл Еўразвязу да ўладаў Беларусі: «…вы павінны вызваліць гэтых людзей [палітвязняў — belsat.eu] з турмы, вы павінны дазволіць ім вярнуцца да сваіх сем’яў». «Мы робім гэта, бо мы хочам, каб вы змяніліся», – яшчэ раз патлумачыла яна.

23 сакавіка на паседжанні Рады міністраў замежных справаў краінаў ЕЗ могуць быць уведзеныя санкцыі «супраць фізічных і юрыдычных асобаў Беларусі, адказных за парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі ў дачыненні апазіцыі ды грамадзянскай супольнасці», а таксама супраць тых, хто «падтрымлівае або ёсць бенефіцыярам рэжыму Лукашэнкі».

Напярэдадні разгляду гэтага пытання ЕЗ адчувае «беспрэцэдэнтны ўзровень лабіявання» інтарэсаў беларускага рэжыму, заявіла ў інтэрв’ю брусельскаму выданню «EUobserver» еўрапейская дыпламатычная крыніца.

Цяпер, адзначае выданне, у дыпламатычных колах ідзе абмеркаванне спісу беларускіх чыноўнікаў і бізнесоўцаў, якім могуць забараніць уезд на тэрыторыю ЕЗ. У гэтым спісе значыцца ў тым ліку кіраўнік групы кампаніяў «Трайпл» Юрый Чыж, у абарону якога выступала Славенія. А бізнесовец Уладзімір Пефціеў, ужо ўключаны ў чорны спіс, спрабуе аспрэчыць гэтае рашэнне ў Еўрапейскім судзе.

Еўрапейскі дыпламат пацвердзіў інфармацыю экс-кандыдата на прэзідэнта Беларусі Алеся Міхалевіча пра тое, што Пефціеў абяцаў узнагароджанне памерам 1 млн долараў таму, хто даб’ецца выключэння яго са спісу.

belsat.eu

Стужка навінаў