Уладзімір Колас у "Гарачым каментары"


Дзень Волі санкцыянавалі. Арганізатары неафіцыйнага нацыянальнага свята атрымалі дазвол правесці ў Менску мітынг і шэсце. Аднак на месцы сходу ля Акадэміі навук удзельнікі могуць падзяліцца, каб пайсці ў розныя бакі.

Заяўку на правядзенне Дня Волі ў Менску задаволілі цалкам. А значыць, згодна з планамі арганізатараў, збор удзельнікаў пачнецца а трынаццатай трыццаць ля Акадэміі навук. Пасля калона рушыць па вуліцы Сурганава да парку Дружбы народаў. Там з паловы на трэцюю да сямнаццатай пройдзе мітынг. Да месца збору ля Акадэміі навук абяцаюць прыйсці і прадстаўнікі “Маладога фронту”, якія раней не пагадзіліся з фарматам святкавання. Аднак рашэнне, куды ісці далей, яны будуць прымаць самастойна.

Паводле старшыні аргкамітэту святкавання, арганізоўванне цяпер ужо на завяршальным этапе. “Мы мусім падкрэсліць нашае стаўленне да галоўных каштоўнасцяў: нашая дзяржаўнасць і нашая незалежнасць. І выказаць сваё стаўленне да перспектываў развіцця нашай краіны, а гэта еўрапейская будучыня Беларусі. Людзям трэба сабрацца разам, паглядзець, што іх шмат, – гэта самае важнае”, – кажа спадар Колас.

Паколькі паводле закону распаўсюд інфармацыі аб масавым мерапрыемстве магчымы толькі пасля дазволу на яго правядзенне, інфармацыйная кампанія распачнецца толькі сёння.

Як кажа Уладзімір Колас, на сёлетнім Дні Волі выступяць беларускія палітыкі ды музыкі, можна спадзявацца на вялікую колькасць удзельнікаў.

belsat.eu

Стужка навінаў