Апытанне: Дзень волі


Як стала вядома сёння, 20 сакавіка, Менгарвыканкам дазволіў шэсце і мітынг на ўгодкі абвешчання Беларускай Народнай Рэспублікі.

Паводле аднаго з арганізатараў святкавання, Віктара Івашкевіча, заяўку задаволілі цалкам. Далі згоду на збор удзельнікаў акцыі 25 сакавіка а 13:30 на пляцоўцы каля прэзідыуму Акадэміі навук, затым – на шэсце вуліцаю Сурганава да парку Дружбы народаў, дзе пройдзе мітынг, які таксама дазволілі.

“Белсат” запытаўся ў менчукоў, ці ведаюць яны пра гэтае свята і ці збіраюцца адзначаць. Пераважная большасць апытаных ніколі нават не чула пра Дзень Волі.

Адзін малады чалавек выказаў меркаванне, што “гэта, магчыма, апазіцыйнае нейкае свята”.

Чарговая рэспандэнтка сказала, што “не можа пра гэта гутарыць, бо яна настаўніца”.

Што праўда, нашым карэспандэнтам усё ж такі пашчасціла сустрэць менчукоў, якія ведаюць, што значыць гэты дзень. “Гэта наш сапраўдны дзень незалежнасці, калі БНР абвесціла незалежнасць. Будзем святкаваць з сябрамі, можа, у кавярні, можа, у хаце. На дэманстрацыю наўрад ці пойдзем, яшчэ не планавалі, хоць ідэя і добрая, калі гэта мірная дэманстрацыя”, – сказала маладая пара.

“Дзень волі – гэта прыняцце Трэцяй Устаўной граматы БНР. Кожны свядомы беларус мусіць гэта ведаць і святкаваць гэты дзень. Мы зберамося з сябрамі і падымем келіхі за далейшае прагрэсіўнае развіццё ў кірунку беларусізацыі. Каб я мог трапіць у Еўразвяз без візы і мне не трэба было хадзіць на курсы польскай мовы, каб зрабіць “карту паляка”, – падзяліўся малады чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў