Карбалевіч: Скарачэнне чыноўнікаў – не больш як гульня


Колькасць чыноўнікаў апарату Савету Міністраў зменшылася толькі на 7 % замест запланаваных 20 %. Так выглядаюць вынікі пілотнага праекту аптымізацыі функцыяў, структуры, колькасці ды аплаты працаўнікоў апарату.

Ва ўрадзе сцвярджаюць, што праведзеныя захады дазволілі аптымізаваць функцыі кожнага працаўніка, пераразмеркаваць ускладзеныя абавязкі ды планамерна скараціць колькасць чыноўнікаў на 7 %. Распрацоўваюцца прапановы аб новай структуры апарату, якая б дазволіла зменшыць дакументаабарот паміж рэспубліканскімі органамі ды апаратам Савету Міністраў, дакладна размежаваць іх функцыі.

Сродкі, вызваленыя ад скарачэння штату, пайшлі на прэміяванне спецыялістаў, якія працуюць з высокай эфектыўнасцю. У выніку сярэдняя заработная плата за студзень-люты падвысілася на 5 %. Працаўнікі, што выконваюць найбольш складаныя і значныя функцыі, атрымалі павышэнне на 15 %.

“Скарачэнне колькасці чыноўнікаў – не больш як бюракратычная гульня, – адзначае палітолаг Валер Карбалевіч. – Іх колькасць зменшаць у адным месцы, але створаць новыя вакансіі ў іншым. Савет Міністраў дэманструе, што выконвае курс, узяты на эканомію”.

Палітолаг патлумачыў, што колькасць бюракратычнага апарату цалкам залежыць ад сацыяльнай мадэлі, паноўнай у дзяржаве. “Вялізны дзяржаўны сектар у эканоміцы абумоўлівае такую ж колькасць чыноўнікаў. Рэальнае змяншэнне бюракратаў магчымае толькі пры правядзенні рынкавых рэформаў, якія дазволяць перакласці функцыі дзяржаўных службоўцаў на плечы ўласнікаў”, – пракаментаваў палітолаг.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары