Перамога лакальнай дэмакратыі на вуліцы Заслаўскай


Вечарам 19 сакавіка на сходзе жыхароў менскай вуліцы дэпутат Менгарсавету Юрый Канзас паведаміў, што офісны 15-павярховы будынак на тэрыторыі скверу па Заслаўскай, супраць якога выступілі менчукі, будавацца не будзе.

Разам з тым шэраг прысутных паставіліся да абнародаванай інфармацыі з недаверам і заявілі пра гатоўнасць звяртацца ў суд, калі будаўніцтва ўсё ж дазволяць.

Як паведаміла чалец ініцыятыўнай групы Таццяна Гурэцкая, за дзесяць дзён пасля лютаўскага грамадскага абмеркавання актывістам удалося сабраць 3750 подпісаў. Зварот быў адпраўлены ў Адміністрацыю прэзідэнта, старшыні Менгарвыканкаму Мікалаю Ладуцьку, у адміністрацыю раёну і шэраг іншых інстанцыяў. Ад Міністэрства прыроды атрымалі адказ, згодна з якім размяшчэнне капітальных аб’ектаў усіх відаў будаўніцтва на тэрыторыі сквера агульнаю плошчаю 0,45 га па вуліцы Заслаўскай забараняецца.

Сярод удзельнікаў сходу быў папулярны артыст і грамадскі дзеяч Яўген Крыжаноўскі. “Я тут таму, што я жыхар гэтага раёну. Тое, што збіраліся пабудаваць гэты дом, абурыла не толькі мяне – вы бачыце, колькі людзей. Самае галоўнае – дэмакратыя, прынамсі, на гэты момант, запанавала жалезна. Людзі падняліся, сабраліся і даказалі тое, што яны могуць сказаць “Не!” І вось калі ў такім ключы будзе працягвацца, калі ўсе будуць такія актыўныя, мы вельмі шмат можам зрабіць не толькі ў нашым раёне, не толькі ў нашым горадзе, але і ў краіне. Мяне гэта радуе і як чальца Ліберальна-дэмакратычнай партыі, і як шараговага грамадзяніна Беларусі”, – заявіў ён.

“Але зразумела, што нельга супакойвацца, – мяркуе Крыжаноўскі. – Бо тыя, хто хацеў тут штосьці пабудаваць, маюць для гэтага нейкія падставы, значыць, ім загадзя гэта дазволілі. І яны будуць імкнуцца свае планы ўвасобіць, бо кавалачак вельмі смачны – самы цэнтр гораду. Таму будзем трымаць вуха востра!”

belsat.eu

Стужка навінаў