Леанід Заіка: Расея больш не будзе даваць грошай Лукашэнку


Масква зоймецца фінансаваннем прыбытковых для яе праектаў, лічыць эканаміст.

Паводле эканаміста Леаніда Заікі, Расея, як цэнтр еўразійскай эканамічнай прасторы, стварае магутны фінансавы цэнтр у Маскве і мае патрэбу ў “добрых мільярдных праектах”. “Грошы ёсць на тое, каб развіваць адзіную эканамічную прастору. Проста даваць крэдыт Беларусі – гэта не вельмі перспектыўная справа. Гэта ўсяго толькі закрывае дзіркі, памылкі, якія зрабіла кіраўніцтва Беларусі”.

Таму надалей грошы ад Масквы Беларусь зможа атрымаць пад праекты ў харчовай прамысловасці ды энергетычнай сферы. “Даваць грошы Ермаковай, Лукашэнку, некаму яшчэ, Назарбаеву – гэта ўчорашні дзень, ад гэтага будуць адмаўляцца”, – мяркуе эксперт.

Сёння Аляксандр Лукашэнка, які працягвае візіт у Маскву, заявіў на сустрэчы з мэрам расейскай сталіцы Сяргеем Сабяніным, што Беларусь чакае “масквічоў з вялікімі інвестыцыямі”. Ён адзначыў, што вобласці Беларусі будуць супрацоўнічаць з прэфектурамі ды ўправамі Масквы. Сабянін, са свайго боку, паведаміў пра намер Беларусі ды сталіцы Расеі падпісаць дамову аб супрацы на 2013–2016 гг.

Лукашэнка прыбыў у Маскву ў мінулую нядзелю дзеля ўдзелу ў паседжанні Міждзяржаўнага савету ЕўрАзЭС 19 сакавіка. На сустрэчы планавалася ліквідаваць ЕўрАзЭС і стварыць на яго месцы Еўразійскі эканамічны саюз, які б функцыянальна больш нагадваў Еўразвяз. Аднак зрабіць гэтага не атрымалася пераважна праз разыходжанні паміж Масквою і Менскам.

Менск настойвае на праве блакаваць любыя рашэнні будучыні саюзу на дзяржаўным узроўні. Масква ж спрабуе адстаяць працэс прыняцця канчатковых рашэнняў найвышэйшым саветам, які фактычна мог бы навязваць краінам-сябрам сваю волю. Новую дамову аб стварэнні Еўразійскага саюзу плануецца падпісаць да 2015 г.

belsat.eu

Стужка навінаў