"EUobserver": лабісты Лукашэнкі ціснуць на Еўразвяз


Напярэдадні разгляду пытання аб пашырэнні санкцыяў у дачыненні Беларусі Еўразвяз адчувае “беспрэцэдэнтны ўзровень лабіявання” інтарэсаў беларускага рэжыму, піша брусельскае выданне “EUobserver”.

23 сакавіка на паседжанні Рады міністраў замежных справаў ЕЗ могуць увесці санкцыі супраць фізічных і юрыдычных асобаў Беларусі, адказных за парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі ў дачыненні апазіцыі ды грамадзянскай супольнасці, а таксама супраць тых, хто “падтрымлівае або з’яўляецца бенефіцыярамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі” .

У цяперашні час, піша “EUobserver”, у дыпламатычных колах ідзе абмеркаванне спісу беларускіх чыноўнікаў і бізнесоўцаў, якім можа быць забаронены ўезд на тэрыторыю ЕЗ. У гэтым спісе значыцца ў тым ліку кіраўнік групы кампаніяў “Трайпл” Юрый Чыж. А бізнесовец Уладзімір Пефціеў, ужо ўключаны ў “чорны спіс”, спрабуе аспрэчыць гэткае рашэнне ў Еўрапейскім судзе.

“Вы не можаце сабе ўявіць, як шмат людзей тут (у Бруселі) пабывала”, – паведаміў “EUobserver” высокапастаўлены еўрапейскі прадстаўнік, маючы на ўвазе дыпламатаў, прадстаўнікоў НДА і фірмаў, якія, паводле яго, раілі выключыць Пефціева з “чорнага спісу”.

Крыніца пацвердзіла інфармацыю экс-кандыдата на прэзідэнцтва Беларусі Алеся Міхалевіча пра тое, што Пефціеў абяцаў узнагароду адзін мільён долараў таму, хто даб’ецца выключэння яго з спісу.

“EUobserver” не называе арганізацыяў і прозвішчаў тых, хто прапаноўвае выключыць Пефціева з спісу, бо “дапускае, што іх проста выкарыстоўваюць для выканання бруднай працы”.

Выданне “EUobserver” звязалася з літоўскай юрыдычнаю кампаніяй “Lawin”, якая рэпрэзентуе Пефціева ў судзе ЕЗ, каб удакладніць інфармацыю пра ўзнагароду, але там гэтых звестак не пацвердзілі ды не зняпраўдзілі.

Са спасылкаю на еўрапейскіх дыпламатаў “EUobserver” паведамляе, што эканамічныя інтарэсы беларускіх алігархаў спрабуе абараніць не толькі Славенія.

Напярэдадні пасяджэння Рады міністраў замежных справаў краінаў ЕЗ 27 лютага “EUobserver” паведамляла, што Славенія выступіла супраць распаўсюду эканамічных санкцыяў ЕЗ на беларускіх бізнесоўцаў і, у прыватнасці, на Юрыя Чыжа. Славенія нібыта блакавала ўключэнне Чыжа ў спіс у сувязі з тым, што славенская кампанія “Riko Group” узяла тэндар на будаўніцтва ў Менску пяцізоркавага гатэльнага комплексу “Кемпінскі” ў супрацы з групаю кампаніяў “Трайпл”, што належаць Юрыю Чыжу.

Брусельскае выданне адзначае, што супраць санкцыяў выступае таксама Латвія. “Абедзве краіны гатовыя пагадзіцца на новыя забароны ЕЗ, але пры ўмове адсутнасці ў спісах кампаніяў і імёнаў алігархаў, з якімі яны супрацоўнічаюць, – піша “EUobserver”. – Лабісты бізнесоўцаў сцвярджаюць, што ЕЗ памыляецца: яны не фінансуюць рэжыму. Але ў гэта цяжка паверыць у краіне, дзе 70 % эканомікі афіцыйна кантралюецца дзяржаваю”.

“EUobserver” падкрэслівае: на пазіцыю Латвіі ды Славеніі не паўплывала ні галадоўка палітвязня Сяргея Каваленкі, якога паклалі ў турэмны шпіталь, ні забойства абвінавачаных у тэрарызме Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, судовы працэс над якімі быў неадназначны.

“Лукашэнка любіць здзекавацца над санкцыямі ЕЗ. Але яны – сур’ёзны сігнал для замежных інвестараў у цяжкія для беларускай эканомікі часы і наносяць шкоду ягоным планам у выкарыстанні транзітных магчымасцяў краіны. Адна з прыкметаў эфектыўнасці санкцыяў у тым, што пасланцы Лукашэнка рэгулярна спрабуюць гандляваць палітвязнямі ў абмен на саступкі з боку ЕЗ”, – піша “EUobserver”.

“Ніякія санкцыі не змогуць адмяніць таго, што адбылося з Кавалёвым і Канавалавым. Але калі Чыж і Пефціеў выйдуць сухімі з вады, Латвія і Славенія будуць вымушаныя заплаціць палітычную цану”, – рэзюмуе выданне. Гэтыя краіны “будуць несці публічную адказнасць за свае рашэнні”, заявіла для “EUobserver” дыпламатычная крыніца ў Бруселі.

belsat.eu

Стужка навінаў