АГП заявіла пра ўдзел у выбарах


https://youtu.be/ihH1nPnQ740
Аб’яднаная грамадзянская партыя мае намер вылучыць кандыдатаў у дэпутаты на выбарах у Палату прадстаўнікоў, паведаміў 20 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

Ён удакладніў, што партыя будзе вылучаць не кандыдатаў як такіх, а “спікераў – людзей, якія данясуць да беларусаў пасланне АГП”. “Гэта пасланне простае: няма свабодных выбараў у Беларусі, як следства – няма віз, няма эканамічных прэферэнцый, няма грошай у вашых гаманцах”, – заявіў Лябедзька.

Па словах палітыка, галоўная задача кандыдата-спікера – інфармаваць як мага большую колькасць людзей. Кандыдаты ў дэпутаты будуць выкарыстоўваць магчымасці дзяржаўнага тэлебачання і радыё, але не будуць выкарыстоўваць дзяржаўныя грошы, выдзеленыя ім для друку ўлётак. “Ніякія дзяржаўныя фонды выкарыстоўвацца не будуць”, – сказаў ён.

Разам з тым кандыдаты ў дэпутаты ад АГП выкарыстоўваюць сваё права ствараць добраахвотныя фонды для сваёй падтрымкі, дадаў Лябедзька.

Што тычыцца дзяржаўных СМІ, то палітык адзначыў: “У нас ёсць па пяць хвілін на тэлебачанні і на радыё, у нас ёсць гарантаванае месца ў дзяржаўных газетах – гэтым трэба скарыстацца”.

Па словах Лябедзькі, кандыдаты-спікеры мусяць зняцца з выбарчай гонкі за пяць дзён да выбараў.

Намеснік старшыні АГП Леў Марголін запрасіў усіх, хто падзяляе каштоўнасці АГП, далучацца да планаў партыі. “Калі каму ёсць што сказаць, ён можа ўступіць у АГП, потым правесці кампанію і выйсці з АГП. Гэта не забараняецца”, – сказаў Марголін.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары