Леанід Заіка: Расея больш не будзе даваць грошы Лукашэнку


Масква зоймецца фінансаваннем прыбытковых для яе праектаў, лічыць эканаміст.

Паводле эканаміста Леаніда Заікі, Расея, як цэнтр еўразійскай эканамічнай прасторы, стварае магутны фінансавы цэнтр у Маскве і мае патрэбу ў „добрых мільярдных праектах”. „Грошы ёсць на тое, каб развіваць адзіную эканамічную прастору. Проста даваць крэдыт Беларусі – гэта не вельмі перспектыўная справа. Гэта проста закрывае дзіркі, памылкі, якія зрабіла беларускае кіраўніцтва”.

Таму ў будучым грошы ад Масквы Беларусь зможа атрымаць пад праекты ў харчовай прамысловасці і энергетычнай сферы. „Даваць грошы Ермаковай, Лукашэнку, некаму яшчэ, Назарбаеву – гэта ўчорашні дзень, ад гэтага будуць адмаўляцца”.

Сёння Аляксандр Лукашэнка, які працягвае візіт у Маскву, заявіў на сустрэчы з мэрам расейскай сталіцы Сяргеем Сабяніным, што Беларусь чакае “масквічоў з вялікімі інвестыцыямі”. Ён адзначыў, што вобласці Беларусі будуць супрацоўнічаць з прэфектурамі і управамі Масквы. Сабянін са свайго боку паведаміў аб намеры Беларусі і сталіцы Расеі падпісаць дагавор аб супрацоўніцтве на 2013-2016 гады.

Лукашэнка прыбыў у Маскву ў мінулую нядзелю для ўдзелу ў пасяджэнні Міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС 19 сакавіка. На пасяджэнні планавалася ліквідаваць ЕўрАзЭС і стварыць на яго месцы Еўразійскі эканамічны саюз, які б функцыянальна больш нагадваў Еўразвяз. Аднак зрабіць гэта не атрымлася ў асноўным праз разыходжаннях паміж Масковю і Менскам.

Менск настойвае на праве блакаваць любыя рашэнні будучыні саюза на дзяржаўным узроўні. Масква ж спрабуе адстаяць працэс прыняцця канчатковых рашэнняў вышэйшай радай, які фактычна мог бы навязваць краінам-сябрам агульныя рашэнні. Новую дамову аб стварэнні Еўразійскай саюза плануецца падпісаць толькі да 2015 года.

belsat.eu

Стужка навінаў