Менгарвыканкам дазволіў мітынг і шэсце на Дзень Волі (Абноўлена)


Улады Менску санкцыянавалі правядзенне 25 сакавіка шэсця і мітынгу з нагоды Дня Волі. Пісьмовы дазвол гарвыканкаму атрымаў 20 сакавіка адзін з заяўнікаў акцыі Віктар Івашкевіч.

15 сакавіка Віктар Івашкевіч гаварыў пра тое, што месца правядзення арганізатары абралі адмыслова: “Заяўка на плошчу Бангалор – частка плану, каб зняць усе магчымыя адгаворкі ўлады. На забарону будзем рэагаваць байкотам”.

Як паведаміў Івашкевіч, заяўку задаволілі цалкам. Далі згоду на збор удзельнікаў акцыі 25 сакавіка а 13.30 на пляцоўцы каля прэзідыуму Акадэміі навук, затым – на шэсце вуліцаю Сурганава да парку Дружбы народаў, дзе пройдзе мітынг, які таксама дазволілі.

Івашкевіч таксама распавёў, што забіраючы дазвол у Менгарвыканкаме, дамовіўся з прысутнымі там міліцыянтамі пра тое, што яны не будуць перашкаджаць выкарыстоўваць нацыянальную сімволіку, у тым ліку бел-чырвона-белыя сцягі, і лозунгі, якія адпавядаюць фармату акцыі.

Сярод заяўнікаў таксама мастак Алесь Марачкін і старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас. Сярод падпісантаў няма ніводнага прадстаўніка палітычных партыяў і рухаў.

Шэсце 25 сакавіка мае прайсці ад 13.30 да 14.30 ад Нацыянальнай Акадэміі навук да парку Дружбы народаў (плошча Бангалор). Мітынг запланаваны на 14.30–17.00.

Як паведамлялася раней, прадстаўнікі міжнароднай грамадскай арганізацыі “Малады фронт” (Чэхія) не пагадзіліся з такім фарматам святкавання Дня Волі. Яны заявілі, што маюць намер адзначыць “галоўнае свята Беларусі” ў цэнтры сталіцы, а не “на балоце” (так часам завуць размешчаную ў нізіне плошчу Бангалор).

Аднак пазней арганізатарам Дня Волі ўдалося дамовіцца з актывістамі “Маладога фронту” аб правядзенні агульнага збору ўдзельнікаў акцыі а 13.30 каля будынку Акадэміі навук. Рашэнне пра тое, куды ісці далей, кожны з бакоў мае прымаць самастойна.

belsat.eu

Стужка навінаў