Лаўроў заклікае Беларусь спыніць смяротныя пакаранні


Першая рэакцыя на расстрэл Канавалава і Кавалёва з боку Расеі прагучала з вуснаў міністра замежных справаў Сяргея Лаўрова.

Каментуючы ў інтэрв’ю радыёстанцыі “Коммерсант FM” пакаранне абвінавачаных у тэрарызме Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, кіраўнік расейскага Міністэрства замежных справаў адзначыў: “Барацьба з тэрарызмам, вядома, мусіць быць бязлітасная. У той жа час нашае стаўленне да смяротнага пакарання добра вядомае – мы даўно абвясцілі мараторый на смяротнае пакаранне. На гэты конт ёсць адмысловыя рашэнні, якія былі прынятыя Канстытуцыйным судом, і да гэтага мараторыю расейскае кіраўніцтва прыхільна ставіцца. Мы, у прынцыпе, былі б зацікаўленыя ў тым, каб усе еўрапейскія краіны да такога мараторыю далучыліся”.

Ён выказаў перакананасць у тым, што рух Беларусі “ў бок паўнапраўнага чалецтва ў Радзе Еўропы якраз забяспечыць вырашэнне праблемы ўжывання смяротнага пакарання, бо адною з умоваў удзелу ў Радзе Еўропы ёсць яго адмена”.

У выніку тэракту ў менскім метро 11 красавіка 2011 г. 15 чалавек загінулі, больш за 300 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці.

30 лістапада абвінавачаныя ў здзяйсненні тэракту 25-гадовыя жыхары Віцебску Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў былі прысуджаныя Вярхоўным Судом Беларусі да найвышэйшай меры пакарання. Канавалаў прысуду не абскардзіў і пра памілаванне не прасіў. Кавалёў падаў на імя прэзідэнта прашэнне аб памілаванні. Акрамя таго, родныя Кавалёва падалі скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН, які яе прыняў і афіцыйна прасіў улады Беларусі не прыводзіць прысуду ў выкананне, пакуль справа не будзе разгледжаная.

Тым не менш 14 сакавіка стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка адмовіў у памілаванні асуджаных, а 17-га з’явілася інфармацыя, што смяротныя прысуды для Канавалава і Кавалёва прыведзеныя ў выкананне.

Міжнародная супольнасць і дэмакратычныя краіны асудзілі чарговыя факты пакарання, падкрэсліваючы, што Беларусь – адзіная ў Еўропе краіна, дзе дагэтуль выконваюцца смяротныя прысуды.

Цяперашняя заява міністра Лаўрова стала першаю рэакцыяй Расеі на пакаранне смерцю Канавалава і Кавалёва.

belsat.eu

Стужка навінаў