Віталь Каваленка: Сяргей пытаецца: яму што, здрадзілі?


Медыкі Рэспубліканскай турэмнай бальніцы характарызуюць стан здароўя актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ Сяргея Каваленкі, што трымае галадоўку, як сярэдняй ступені цяжкасці. Пра гэта паведамілі жонка асуджанага Алена Каваленка і ягоны брат Віталь.

«Стан здароўя Сяргея блізкі да крытычнага, – мяркуе Віталь Каваленка. – Тэмпература ў яго сёння была 35,1, ціск – 80 на 50. Ён практычна ўвесь час ляжыць – да нас (я быў у бальніцы з сынам Сяргея Валікам) спусціўся, сабраўшы апошнія сілы. Ён расказаў, што апошнія два дні – суботу і нядзелю – яго проста абколваюць уколамі, пасля якіх яму стала значна горш. Баляць ныркі, іншыя органы, хрыбетнік. Пры ін’екцыях у камеры прысутнічаюць восем міліцыянераў, якія прывязваюць яго да ложка. Калі працэдура завяршаецца, зняволены, які сядзіць з ім у камеры, развязвае бінты. Уводзяць фізіялагічныя растворы, глюкозу, іншыя не вядомыя яму прэпараты.

Паводле Віталя Каваленкі, палітвязень чакае падтрымання: «Казаў да Зянона Пазняка: чаму КХП – БНФ не правяла ніводнай акцыі ў ягонае падтрыманне каля СІЗА № 1? Дзе людзі, дзе сцягі на знак падтрымання? Чаму не могуць выйсці і падтрымаць? Ён пытаецца: яны што, здрадзілі яму?»

«Калі Сяргей сёння раніцаю прачынаўся, ён скрозь сон чуў, як адзін з міліцыянтаў гаварыў ягонаму сукамерніку: «Скажаш на судзе, што Каваленка з табой еў». Думаю, гэта робіцца для таго, каб, у выпадку, калі Сяргей памрэ, яны б знялі з сябе віну за гэта», – кажа брат вязня.

Як адзначыла жонка Сяргея Каваленкі Алена, ягоны стан здароўя цяжэйшы, чым гавораць урачы. «У яго пачаліся змяненні ў нырках, у печані, – гаворыць яна. – Ужо ясна, што ратаваць яны яго не хочуць».

Алена Каваленка паведаміла, што адправіла зварот з просьбаю дапамагчы выратаваць мужа патрыярху Кірылу, падрыхтавала ліст да Папы рымскага Бэнэдыкта XVI ды відэазварот да палітыкаў і грамадскасці Еўразвязу і ЗША. «Чалавек ні ў чым не вінаваты, – перакананая Алена. – Ён займаўся прапагандаю беларускай ідэі, сапраўдных гістарычных каштоўнасцяў – толькі з-за гэтага мучыцца сёння».

Паводле Віталя Каваленкі, Сяргей атрымлівае 5–10 паштовак на дзень з заклікамі спыніць галадоўку. Аднак ён папрасіў усіх, каб такіх паштовак яму больш не дасылалі – ён будзе галадаць, пакуль яго не перавядуць пад хатні арышт. Толькі тады ён пачне выходзіць з галадоўкі. Ён не давярае турэмным урачам і хоча, каб яго лячыла жонка.

Шматлікія беларусы і замежнікі падтрымліваюць Сяргея і стараюцца дапамагчы, гаворыць Алена. «Улады не хочуць ратаваць ягонае жыццё, – лічыць яна. – Жыццё грамадзяніна, які змагаецца за справядлівасць, – для іх пусты гук».

belsat.eu

Стужка навінаў