Апытанне: пенсійная рэформа


У нядзелю, 18 сакавіка, Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб захадах ўдасканалення пенсійнага забеспячэння грамадзянаў». Павышэння пенсійнага ўзросту не адбылося, аднак з’явілася магчымасць працаваць даўжэй пры жаданні.

Паводле новага закону, за першы дадатковы год працы пенсія павялічыцца на 6 % заробку, прынятага для вылічэння пенсіі, за два гады пенсія вырасце на 14 % заробку, за тры гады – на 24%, за чатыры гады — 36%. За пяты і кожны наступны год прадугледжанае павышэнне памеру пенсіі на 14 % заробку, што таксама дадаюцца да адсоткаў ад папярэдніх перыядаў.

«Белсат» запытаў у менчукоў, як яны ставяцца да такой рэформы і ці хацелі б скарыстацца з гэткай магчымасці павялічэння пенсіі.

«Ну вядома, яны будуць гэтым карыстацца, бо пенсіі малыя, але я лічу, што так быць не павінна – павінны адпачываць, калі ўжо адпрацавалі сваё. Дый у маладых будуць месцы забіраць, а ім сем’і няма за што ўтрымліваць», – кажа дзяўчына.

«Я думаю, гэта няблага – хай людзі больш працуюць, чаму не? Гэта такі выпадак, калі супраць Лукашэнкі няма чаго сказаць. Але гэта ад чалавека залежыць – і ў 70 гадоў людзі бываюць моцныя, хай бы дзецям дапамагалі», – кажа малады чалавек.

«Ну ў каго ёсць здароўе – хай працуюць і зарабляюць болей», – падтрымлівае ініцыятыву пенсіянерка.

«Ну так, бо я вось на сваю пенсію нічога не магу купіць. Было б у мяне здароўе – я б папрацавала», – згаджаецца чарговая апытаная.

«За 50 гадоў ужо людзі павінны на пенсію ісці, ну прынамсі мне так падаецца. Я не думаю, што шмат хто цяпер жыве на пенсію, у сённяшняй сітуацыі ўсе ж жывуць на ашчаджэнні, і якая б яна ні была – хай 300 тысячаў. Гэта ж 25 долараў – раз у краму схадзіць і ўсё», – кажа малады чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў