Таццяна Зялко ў «Гарачым каментары»


Хочаш большую пенсію? Працуй даўжэй. Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, згодна з якім пазнейшы выхад на пенсію будзе стымулявацца грашова.

Згодна з указам, кожныя два месяцы няпоўнага года працы без атрымання пенсіі дазволяць павялічыць яе на 1 % заробку. У выніку за год набяжыць 6 адсоткаў. За тры гады дадатковай працы атрымаем 24 %. У выніку за 5 гадоў працы без атрымання пенсіі маем падвышку памерам 50 % ад заробку. Паводле ўраду, такі крок мае знізіць колькасць пенсіянераў, а значыць дазволіць больш прадуктыўна размяркоўваць дзяржаўны бюджэт. Але ці кожны дапрацуе да высокай пенсіі? Сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі для мужчынаў – менш за 65 гадоў, для жанчын – 76 гадоў. Што значна менш, чымся ў развітых краінах свету.

Паводле старшыні грамадскага аб’яднання пенсіянераў «Нашае пакаленне», гэта зусім не тое, што трэба пенсіянерам Беларусі.

«Ім патрэбныя рэформа, якая б дазволіла нармальна жыць, каб можна было нармальна зарабляць і атрымліваць нармальную пенсію. Гэтак, пенсійны ўзрост насамрэч не павялічваецца, але з іншага боку – паглядзіце, якая ў нас працягласць жыцця. Скажыце: хто хоча працаваць і плаціць падатак, каб усё гэты сышло ў нікуды? У нас жа пенсія не пераходзіць нашчадкам», – кажа Таццяна Зялко.

Паводле яе, пасля гэткай рэформы найгорш будзе тым, хто працягвае працаваць ужо на пенсіі. Калі ўлічыць падаткі, то павялічэнне пенсіі не адчуецца. У залежнасці ад краіны, працоўным пенсіянерам пералічваюць пенсію або штогод, або раз на два гады. У Беларусі ж такога няма.

«А працоўных пенсіянераў вельмі шмат, бо пенсія вельмі малая і пражыць на яе практычна немагчыма. Дый які сэнс працаваць даўжэй, калі я потым гэтую пенсію не выкарыстаю праз маленькую працягласць жыцця?» – задаецца пытаннем Таццяна Зялко.

belsat.eu

Стужка навінаў