Аднак апаненты ўладаў не лічаць гэта магчымым
«Хопіць гульняў, падзелу, несур’ёзнасці, безадказнасці. Не хочам ганьбіць нашых братоў-палітыкаў, але звяртаемся да ўсіх палітыкаў дэмакратычнага руху Беларусі: «Аб’яднайцеся!» Дзеля вызвалення нашай краіны ад сістэмы, збудаванай на падмурках хлусні і страху, дзеля вызвалення вязняў, якія сядзяць у турмах за свае погляды. Мы заклікаем вас стварыць адзіны фронт вызвалення Беларусі і выпрацаваць адзіную пазіцыю на міжнародным узроўні», – звярнулася да апазіцыйных палітыкаў арганізатарка трэцяга круглага стала «Яднанне дзеля вызвалення» Юлія Фралова.
Паводле яе, сваякі палітвязняў заклікаюць беларускіх палітыкаў таксама падтрымаць эканамічныя санкцыі. «Мы просім не ісці на кампрамісы з гэтаю нелегітымнаю ўладаю – не здраджваць свайму сумленню, людзям і каштоўнасцям. Падкрэсліваем: не можа быць ніякага ўдзелу ў тым, чаго няма», – адзначыла Фралова, гаворачы пра восеньскія парламенцкія выбары ў Беларусі.
Каментуючы прыведзеныя ў выкананне смяротныя прысуды ў дачыненні Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, жанчына падкрэсліла, што сваякі палітвязняў «патрабуюць выступіць з заявамі і пачаць масавы збор подпісаў беларусаў за адмену смяротнага пакарання». «Там, дзе ёсць несправядлівыя суды і беспадстаўна асуджаныя, не можа быць смяротнага пакарання. Мы ўсе зрабілі мала крокаў, каб захаваць жыццё Канавалава і Кавалёва. Адказнасць за іх смерць кладзецца і на ўсіх нас», – падкрэсліла Фралова.
Сваякі палітвязняў падтрымалі рашэнне аб адкліканні ўсіх паслоў краінаў Еўразвязу з Беларусі. «Цвёрдая пазіцыя з боку ўсіх дзяржаваў ЕЗ дапаможа беларускаму народу стаць на шлях пераходу да дэмакратыі. Мы вітаем рашэнне Рады ЕЗ аб унясенні імёнаў людзей, адказных за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, у спіс асобаў, якім забаронены ўезд у Еўразвяз. Мы заклікаем Раду ЕЗ прыняць рашэнне пра эканамічныя санкцыі ў дачыненні кіроўнага ў Беларусі дыктатарскага рэжыму», – агучыла зварот да замежных палітыкаў грамадзянская актывістка Ганна Шапуцька.
Аднак адказны сакратар партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі ў сваю чаргу заявіў, што аб’яднанне суб’ектаў дэмакратычнага руху Беларусі не магчымае з-за розных пазіцыяў у прынцыповых пытаннях. «Падтрымліваем заклік, але трэба ўлічваць беларускія рэаліі. Прынцыповыя пазіцыі, якія тычацца ўвядзення санкцыяў або ўдзелу ў выбарах, кардынальна розныя ва ўсіх. На жаль, так ёсць. Аб’яднацца немагчыма», – падкрэсліў ён.
belsat.eu