Апытанне: ці патрэбны беларускі чорны спіс?


Цягам апошняга тыдня некалькі прадстаўнікоў апазіцыі ды медыяў не змаглі перасячы мяжы пры выездзе з Беларусі. Гэта лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін, каардынатар кампаніі “За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка, праваабаронца Валянцін Стэфановіч, шэф-рэдактар газеты “Наша Ніва” Андрэй Дынько, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна ды іншыя.

Ці падтрымліваеце вы ўведзеную ўладамі забарону на выезд апазіцыянераў за мяжу? З такім пытаннем журналісты звярнуліся да жыхароў Менску.

“Правільна. Куды ім ехаць за мяжу – атрымаюць там яны грошы на ўсе свае апазіцыйныя справы. Навошта гэта трэба? Няхай сядзяць тут. Пад наглядам, каб усе іх бачылі. Інакш будзе ў нас зноў аранжавая рэвалюцыя, будуць крычаць “Жыве Беларусь!”. Будзе сумна ў нас, карацей”, – мяркуе адзін з рэспандэнтаў.

Аднак большасць апытаных з ім не згодныя. “Кожны чалавек мае права на свабоднае перамяшчэнне, што і запісана ў нас у Канстытуцыі”, – лічыць адзін удзельнікаў апытання. “Гэта нічога не дасць. Санкцыі ўсё роўна ўзмоцняцца. Гэта неэфектыўная захада”, – дадаў іншы рэспандэнт.

1 сакавіка начальнік кіраўніцтва нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генеральнай пракуратуры Павел Радзівонаў паведаміў, што апазіцыянерам, якія заклікаюць да замежных санкцыяў супраць Беларусі, можа быць абмежаваны выезд з краіны.

belsat.eu

Стужка навінаў