Венецыянская камісія: Закон аб сходах скіраваны на абмежаванні


Беларускае заканадаўства аб масавых акцыях не адпавядае міжнародным стандартам. Да такой высновы прыйшла “Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права” (Венецыянская камісія) пасля абмеркавання закону “Аб масавых акцыях у Рэспубліцы Беларусь” на адпаведнасць яго міжнародным нормам.

У выснове камісіі зазначаецца: беларускі закон аб масавых акцыях “характарызуецца падрабязным звышрэгуляваннем працэдурных аспектаў правядзення сходаў”. “Закон стварае складаную працэдуру ўзгаднення, пакідаючы разам з тым шырокія паўнамоцтвы адміністратыўным уладам адносна таго, як ужыць гэты закон. Гэтая працэдура не адпавядае абавязкам дзяржавы гарантаваць і спрасціць ажыццяўленне права на свабоду сходаў”, – сказана ў дакуменце.

На думку экспертаў, закон не дае дастатковай інфармацыі аб правах і абавязках арганізатараў і ўдзельнікаў акцыі, а засяроджаны на пералічэнні дзеянняў арганізатараў, якія забароненыя.

“Закон фактычна робіць незаконнымі любыя спантанныя акцыі. Ён не дазваляе арганізатарам загадзя анансаваць акцыю, – гаворыцца ў дакуменце. – Закон утрымлівае шмат абмежаванняў паводле часу і месца правядзення акцыяў, а таксама неправамоцна ўсталёўвае абмежаванні для таго, хто можа быць арганізатарам сходу”.

Унясенне паправак у “Закон аб масавых мерапрыемствах” Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі ініцыявала ўлетку 2011 г., калі ў розных гарадах краіны штотыдзень праходзілі акцыі маўклівага пратэсту грамадзянаў, не згодных з палітыкаю кіраўніцтва краіны.

Абноўлены закон зрабіў больш жорсткімі правілы правядзення масавых акцыяў. Арганізацыя любога збору грамадзянаў мусіць быць санкцыянаваная ўладамі – гэта тычыцца і флэш-мобаў, і збору грамадзянаў, арганізаванага з выкарыстаннем інтэрнэту. Да атрымання дазволу на правядзенне масавай акцыі яе арганізатары не маюць права абвяшчаць, у тым ліку ў інтэрнэце, пра дзень, час і месца яе правядзення.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары