Традыцыйны беларускі танец без таямніцаў


Беларускі фальклорны танец мае шмат агульных рысаў з расейскім і ўкраінскім, аднак адрозніваецца ад іх мацнейшаю ўнутранай скіраванасцю. “Наш танец больш арыентаваны на ўнутраныя дачыненні пары. Танцоры танчаць не напаказ, а больш для атрымання такога эстэтычнага задавальнення ўнутры пары. Расейскія танцы больш разухабістыя – у іх вельмі шмат зменаў фігураў. Украінскія – таксама даволі паказныя, для народу. Хоць і ў беларусаў такія танцы ёсць, тая ж самая “Барыня” або “Чаркесік”, але ў нас такіх танцаў значна менш, чым у суседзяў. Вельмі адрозніваюцца беларусы ў танцы ад літоўцаў і палякаў – перш за ўсё тэмпамі: польскія танцы нашмат хутчэй танцуюцца, але яны бяднейшыя на ўнутраную харэаграфію, а літоўскія танцы наадварот – больш стрыманыя”, – гаворыць вядомы этнахарэограф, кіраўнік Любанскага фальклорнага ансамблю “Верабейкі” Сяргей Выскварка.

Ён правёў у Менску серыю майстар-класаў традыцыйных беларускіх танцаў. Адзін з майстар-класаў прайшоў на базе клубу “Энцыклапедыя густу”.

Традыцыйны беларускі танец, які яшчэ называюць фальклорным, быў распаўсюджаны калісьці ў беларускіх вёсках, паведаміў Выскварка. На сцэнічны народны танец фальклорны не падобны – яго вызначаюць арыгінальная для кожнага рэгіёну манера выканання і танцавальныя фігуры.

“Мэта майстар-класу – не столькі вывучыць вялікую колькасць танцаў, колькі навучыць маладых людзей асаблівай манеры выканання. Як у народнай песні, казках, гэтак і ў танцы ў кожным рэгіёне была свая манера выканання. Кожны рэгіён мае свае асаблівасці пластычнага самавыяўлення праз танец, карагод, гульні”, – зазначыў Выскварка.

Паводле яго, сучасным людзям не так цяжка засвоіць рухі – яны пераважна не вызначаюцца складанасцю. Значна цяжэй навучыцца традыцыйнай беларускай манеры выканання. “Не скакаць вышэй, чым трэба, не рабіць лішніх рухаў рукамі, нагамі, нават поглядам. Ёсць такія танцы, напрыклад, у якіх хлопец не мусіць кранаць фартуха дзяўчыны. Гэтыя дэталі патрабуюць значна больш часу”, – падкрэсліў харэограф.

belsat.eu

Стужка навінаў