Маці Кавалёва: Каля нашых дзвярэй ляжаць кветкі


Каля дзвярэй кватэры, дзе жыве сям’я расстралянага Уладзіслава Кавалёва, і каля пад’езду дому ляжаць кветкі. Пра гэта, з цяжкасцю стрымліваючы слёзы, распавяла маці асуджанага паводле справы аб тэрарызме Любоў Кавалёва.

З 17 сакавіка, калі стала вядома пра расстрэл Уладзіслава Кавалёва, дом на вул. Рэпіна ў Віцебску, у якім жывуць ягоныя маці і сястра, застаецца пад назіраннем праваахоўных органаў. Паводле Любові Кавалёвай, насупраць іхнага дому ўсю ноч стаялі мікрааўтобус і «Жыгулі». Невядомыя ў цывільным сачылі за тымі, хто ўскладаў кветкі да пад’езду, а таксама хадзілі вакол дому, назіраючы за вокнамі кватэры Кавалёвых. Машыны пад домам стаяць і цяпер.

Афіцыйнае паведамленне Вярхоўнага суда пра тое, што прыгавор у дачыненні Кавалёва прыведзены ў выкананне, ягоная сям’я атрымала 17 сакавіка. Увечары з праграмы навінаў дзяржаўнага тэлебачання стала вядома, што расстралялі і другога асуджанага паводле справы аб тэрарызме, Дзмітрыя Канавалава.

Міжнародная супольнасць асудзіла чарговыя факты прымянення смяротнай кары ў Беларусі. З адпаведнымі заявамі выступілі ў тым ліку вярхоўная прадстаўніца Еўразвязу ў пытанні замежных справаў і палітыкі бяспекі Кэтрын Эштан, старшыня Еўрапарламенту Марцін Шульц і генеральны сакратар Рады Еўропы Турб’ёрн Яглян.

Праваабаронцы, у сваю чаргу, заяўляюць: прывёўшы ў выкананне прысуд у дачыненні Уладзіслава Кавалёва (Дзмітрый Канавалаў свой смяротны вырак не аспрэчваў), улады Беларусі парушылі як нацыянальнае, гэтак і міжнароднае заканадаўства. Па-першае, зазначаюць яны, у Вярхоўным судзе Беларусі не разгледзелі нагляднай скаргі, якую рыхтаваў адвакат Кавалёва. Па-другое, справу Кавалёва прыняў да разгляду Камітэт правоў чалавека ААН, і пакуль яна не разгледжаная камітэтам, выкананне прысуду не законнае.

«Прывядзенне ў выкананне смяротнага прыгавору ў дачыненні Уладзіслава Кавалёва – выклік міжнароднай супольнасці з боку Беларусі», – заявіў праваабаронца Раман Кісляк, які прадстаўляе ў Камітэце правоў чалавека ААН маці і сястру Кавалёва. Паводле яго, у такіх выпадках камітэт заўсёды публічна выказваецца наконт парушэння дзяржаваю факультатыўнага пратаколу.

belsat.eu

Стужка навінаў