Акцыя актывістаў ЛГБТ-руху прайшла без затрыманняў


17 сакавіка актывісты ЛГБТ-руху правялі ў цэнтры Менску акцыю супраць расізму і ксенафобіі.

Акцыя прайшла каля дому № 1 па вул. Няміга, дзе размяшчаецца Беларускі цэнтр моды. Прыкладна 10 актывістаў раздавалі прахожым налепкі ды інфармацыйныя матэрыялы супраць расізму і ксенафобіі.

Таксама яны пасадзілі на прыступках каля ўваходу ў Цэнтр моды дзве плюшавыя цацкі з налепкамі супраць расізму і смяротнай кары.

Як паведаміў адзін з удзельнікаў акцыі Сяргей Андросенка, яна была прымеркаваная да Еўрапейскага тыдня дзеянняў супраць расізму і ксенафобіі, які штогод праводзіцца 17–25 сакавіка. Акцыя таксама была прымеркаваная да Міжнароднага дня барацьбы за ліквідацыю расавай дыскрымінацыі, які адзначаецца 21 сакавіка.

Андросенка заявіў, што менскія ўлады забаранілі ЛГБТ-руху правесці сёння мірнае шэсце, таму акцыя прайшла ў форме раздачы інфармацыйных матэрыялаў.

Акцыя доўжылася прыкладна 15 хвілінаў. Паводле папярэдняй інфармацыі, ніхто з яе ўдзельнікаў затрыманы не быў.

Цягам тыдня актывісты руху таксама плануюць правесці паказ кароткаметражных ролікаў і мастацкіх фільмаў супраць расізму і ксенафобіі. Валанцёры збіраюцца наведаць сярэднія агульнаадукацыйныя ўстановы і расказаць там пра гэтую еўрапейскую акцыю, абмеркаваць праблемы расізму, нецярпімасці, ксенафобіі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары