«Ідзі і глядзі» атрымаў прыз Венецыянскага кінафестывалю


Фільм Элема Клімава паводле сцэнару Клімава і Адамовіча атрымаў узнагароду «Венецыянская класіка» за «найлепшы адрэстаўраваны фільм». Стужка мексіканскага рэжысёра «Форма вады»  – пра каханне нямой жанчыны Элаізы да чалавека-амфібіі на фоне халоднай вайны – узяла галоўны прыз.

У шорт-ліст 74-га фестывалю ў Венецыі трапіла 21 стужка. Guardian піша, што практычна ў кожным фільме ўздымаецца тэма сацыяльнай несправядлівасці, а таксама «прывід кліматычных зменаў».

У цэнтры сюжэту ваеннай драмы, знятай супольна «Беларусьфільмам» і «Масфільмам» у 1985 годзе – беларускі хлопчык, які становіцца сведкам жахаў нацысцкай карнай акцыі, на працягу двух дзён ператвараючыся з жыццярадаснага падлетка ў сівога старога.

У 1985 «Ідзі і глядзі» атрымаў «Залаты прыз» Маскоўскага кінафестывалю» і адмысловы прыз Міжнароднага кінафестывалю «Ферстроя» у Партугаліі.

 «Залаты леў» – у Гіллерма дэль Тора

«Форма вады» – дзіўны гібрыд гістарычнай рэканструкцыі, фантасмагорыі, меладрамы і праваабарончага кіно, – піша кінакрытык Антон Долін. – Тора абараняе правы любых меншасцяў: дзяцей і жанчын, калек і гомасексуалаў, партызан і інтэлігентаў. Ён заўсёды на баку слабога, супраць нецярпімасці і таталітарызму».

Гіллерма дэль Тора трымае галоўную ўзнагароду 74-га Венецыянскага кінафестывалю – «Залатога льва». 9 верасня 2017 года. Фота – Alessandro Bianchi/Reuters

Галоўны прыз журы (на чале з амерыканскай акторкай Анэт Бэнінг) атрымаў ізраільскі рэжысёр Самуэль Маоз за стужку «Факстрот».

Лепшы рэжысёр – Ксаўе Легран («Апякунства»).

Найлепшая акторка – Шарлоту Рэмплінг («Ханна»), найлепшы актор – Камел Эль Баш («Абраза»).

Узнагароду за найлепшы сцэнар атрымаў Марцін Макдонах за «Тры білборды на мяжы Эбінга, Місуры».

Поўны спіс ўзнагародаў – на старонцы фестывалю.

ДД

Стужка навінаў