Амаль на чвэрць менш беларусаў выязджалі за мяжу летась


На 22,9 % менш беларусаў у параўнанні з 2010 годам арганізавана (пры дапамозе турыстычных кампаніяў) выехалі за мяжу на адпачынак.

Як паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт, летась колькасць турыстаў, якія арганізавана выязджалі з Беларусі за мяжу, склала 319 800 чалавек. У краіны СНД арганізавана выехалі 101 700 чалавек, у іншыя краіны свету – 218 100 чалавек. Гэта менш за ўзровень 2010 года на 35,7 % і 15 %, адпаведна.

Больш за ўсё беларускіх турыстаў у 2011 годзе наведалі Украіну – 79 748. На другім месцы паводле папулярнасці ў беларусаў Турцыя – 58 231, затым Егіпет – 30 131, Балгарыя – 25 774 і Расея – 21 752. Таксама папулярнымі кірункамі заставаліся Італія, Літва, Польшча, Чэхія.

Сярэдняя працягласць знаходжання турыстаў за мяжой у 2011 годзе, таксама як і ў 2010-м, склала дзевяць дзён.

Паводле звестак Белстату, турыстычныя паслугі ў 2011 годзе аказвала 791 арганізацыя, імі скарысталіся больш за 430 000 беларусаў і замежных грамадзянаў. Пры гэтым доля турыстаў, якія выязджалі з Беларусі, па-ранейшаму пераважае над тымі, што наведвалі краіну. Разам з тым у 2011 годзе на кожнага замежнага турыста прыпадала толькі трое беларускіх грамадзянаў, якія выязджалі за мяжу (для параўнання: у 2005 годзе – шасцёра).

З краінаў СНД у 2011 годзе ў Беларусь прыбылі 86 100 чалавек. Гэта на 3,2 % больш, чым у 2010 годзе. Першыя пазіцыі сярод краінаў СНД захаваліся за Расеяй – 83 800 чалавек і за Украінай – 1 700 чалавек. У параўнанні з леташнім годам лік турыстаў з Расеі вырас на 2,7 %, лік турыстаў з Украіны паменшыўся на 11,8 %.

Сярод краінаў далёкага замежжа лідары наведвання Беларусі – Турцыя, Літва, Новая Зеландыя, Польшча, Злучанае Каралеўства, Нямеччына, Італія, Латвія. На долю гэтых краінаў у 2011 годзе прыпадала 69,5 % ад агульнай колькасці турыстаў з краінаў далёкага замежжа. Для параўнання: у 2010 годзе – 68,9 %.

Сярэдняя працягласць перабывання замежных турыстаў у Беларусі захавалася на ўзроўні 2010 года і склала пяць дзён.

belsat.eu

Стужка навінаў