Жыхары Уручча-2 супраць ушчыльнення забудовы раёну


Сёння, 17 сакавіка, грамадзяне спаткаліся, каб абмеркаваць далейшыя дзеянні.

Раней ініцыятыўная група сабрала 1404 подпісы пад зваротам да кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча і старшыні Менгарвыканкаму Мікалая Ладуцькі – супраць больш шчыльнай жылой забудовы ў мікрараёне Уручча-2.

Барацьба жыхароў раёну супраць ушчыльнення ідзе ўжо сем гадоў. Падставаю для чарговай ініцыятывы сталі планы ўладаў распачаць будаўніцтва першага з шасці запраектаваных у раёне дамоў. “З 2005 г. мы вытрымалі восем грамадскіх абмеркаванняў аднаго і таго ж праекту ўшчыльнення. Грамадзяне масава ўдзельнічалі ў абмеркаваннях і заўсёды выказвалі рэзкі пратэст супраць забудовы. Наш пратэст аргументаваны не абывацельскім “падабаецца, не падабаецца”, а будаўнічымі нарматывамі ды беларускім заканадаўствам. Існая шчыльнасць забудовы жылой тэрыторыі Уручча-2 удвая вышэйшая за норму! Адсюль сённяшнія вялікія праблемы з паркоўкамі, з наведваннем паліклінік, з дзіцячымі садкамі ды г. д.”, – падкрэсліваецца ў адкрытым звароце.

Нягледзячы на гэта, ушчыльненне практычна распачалося – ужо стаіць будаўнічы плот вакол будучых дамоў. Днямі частку агароджы зламалі, мясцовыя жыхары лічаць гэта правакацыяй і вераць у поспех далейшых пратэстаў.

“Калі будзем працягваць, як цяпер, і выходзіць на вуліцу, плён будзе. Гэта яшчэ дзіўна, што гэтым разам без АМАПу абышлося, а хто ведае, як будзе наступным разам. Мы нічога антыканстытуцыйнага тут не робім, я проста хачу жыць у нармальных умовах”, – кажа адзін з пратэстоўцаў, Віктар Траццякоў.

Да грамадзянаў выйшаў кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёну Ігар Кудрэвіч. Не звяртаючы ўвагі на пратэставыя выкрыкі прысутных, ён заявіў, што пагаршэнняў жыллёвых умоваў не будзе і што будаўніцтва будзе працягвацца паводле плану. І прыгразіў разабрацца са зламаным будаўнічым плотам.

Жыхары падкрэсліваюць, што іхны дэпутат Ігнат Місурагін цягам 4 гадоў сваёй палітычнай дзейнасці не знайшоў часу на сустрэчу са сваімі выбарнікамі. Цяпр яны рыхтуюць скаргу аб незадавальняльнай працы дэпутата.

Сталічныя ўлады ўвогуле часта маюць канфлікты з жыхарамі гораду – варта згадаць прынамсі парк 40-годдзя Кастрычніка, на месцы якога ўсё ж пабудуюць гатэльны комплекс “Пекін”. Усё гэта – нягледзячы на пратэсты і звароты грамадзянаў.

belsat.eu

Стужка навінаў