Жонка Каваленкі: Мне не кажуць, што ў кропельніцы


Віцебскаму актывісту Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяргею Каваленку, які цяпер у Рэспубліканскай турэмнай больніцы, прымусова паставілі кропельніцу. Пра гэта паведаміла ягоная жонка Алена Каваленка.

Паводле яе, 16 сакавіка Сяргея Каваленку прывязалі да ложка і прымусова паставілі яму кропельніцу. “Мне ніхто не паведаміў, што ў гэтай кропельніцы, якія лекі яму ўводзяць. Я лічу, што прывязванне чалавека да ложка і прымусовая кропельніца – гэта катаванне”, – заявіла Алена Каваленка.

Таксама Алена атрымала 16 сакавіка ліст з Дэпартаменту выканання пакаранняў МУСу, у якім зазначаецца, што 14 сакавіка Сяргея Каваленку абследаваў доктар-псіхіятр і нібы выявіў страту адэкватнага псіхічнага стану.

На гэтай падставе, паведамляюць з дэпартаменту жонцы Сяргея Каваленкі, яго перавядуць у псіхіятрычную больніцу для аказання адпаведнай дапамогі. Калі гэта адбудзецца, не паведамляецца.

“Атрымліваецца, што спачатку яму пачалі штосьці калоць, магчыма, і псіхатропныя сродкі, а цяпер адпраўляюць у псіхлякарню нібыта на лячэнне, а насамрэч ад іх можна чакаць чаго хочаце. Лічу гэта працягам здзеку і катаванняў майго мужа”, – адзначыла Алена Каваленка.

Яна таксама сказала, што адвакат бачыўся з Сяргеем Каваленкам 16 сакавіка. “Адвакат казаў, што ён быў сапраўды слабы фізічна, але паводзіўся адэкватна, розум у яго ясны”, – сказала Каваленка.

24 лютага суд Першамайскага раёну Віцебску прысудзіў Сяргея Каваленку да двух гадоў і аднаго месяца пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Апазіцыянер абвінавачаны ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе аб пакаранні, якое вынес яму ў траўні 2010 года суд Кастрычніцкага раёну Віцебску за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй яліне Віцебску. З 19 снежня мінулага года Каваленку трымаюць у няволі. На знак пратэсту ён абвесціў галадоўку. У турэмную больніцу Каваленку перавялі з віцебскага СІЗА праз стан здароўя: падчас галадоўкі зняволены страціў больш за 30 кг вагі.

Вызвалення апазіцыянера патрабуюць беларуская дэмакратычная грамадскасць і міжнародныя структуры.

belsat.eu

Стужка навінаў