Апытанне: Ці пачуваецеся вы нашчадкамі грамадзянаў ВКЛ?


Што думаюць жыхары сталіцы пра выказванне прафесара Льва Крыштаповіча, паводле якога беларуская ментальнасць не мае нічога агульнага з Вялікім княствам Літоўскім, а таксама магнатамі Радзівіламі, Сапегамі і Агінскімі.

“Думаю, маладыя людзі, якія вывучалі гісторыю Беларусі пасля распаду Савецкага Саюзу, адчуваюць сябе нашчадкамі Вялікага княства Літоўскага”, – сказала спадарыня, дадаўшы, што беларусы, літоўцы і палякі не мусяць дзяліць гісторыю і яе выдатных дзеячаў, а ставіцца да іх як да агульнай спадчыны.

Тэрыторыя амаль цалкам супадала з сучаснай Беларуссю, гаворыць наступны рэспандэнт. А як наконт магнатаў? “Агінскія – так. Сапегі – больш палякі, мне падаецца. Радзівілы – ну мне таксама падаецца, я б больш іх да Рэчы Паспалітай аднёс”. Але хоць і здарылася, што ВКЛ трапіла пад уплыў Польшчы, землі былі беларускія і продкі гэтых людзей былі беларусамі, падсумаваў спадар.

Сучасная тэрыторыя Беларусі называлася раней Літвою, так што ў ВКЛ яна галоўнае месца і займала, прыводзіць аргумент дзяўчына. “Беларусь – больш еўрапейская краіна. […] У Беларусі больш распаўсюджанае каталіцтва, чым у Расеі ці Украіне, і пратэстанцтва – таксама. Таму мы больш падобныя паводле менталітэту, нават паводле нашых вуліцаў мы больш падобныя да Літвы”.

“Шмат знакамітых дзеячаў у нас з тых часоў. […] Тое, што засталося ад гэтых магнатаў, – гэта і палацы, і замкі, і культурная спадчына, якая засталася па іх, канечне, гэта належыць сучаснаму беларусу”, – перакананы спадар сталага веку.

“Не думаю, што яго [ВКЛ] можна выкінуць [на сметнішча гісторыі], мы ўсё ж такі ёсць нашчадкамі тых людзей, якія там жылі”, – сказала дзяўчына.

Нічога не змаглі ўзгадаць пра ВКЛ дзве спадарыні сталага веку.

belsat.eu
https://youtu.be/WrPR_K_AiNA

Глядзі таксама
Каментары