Волчак: Гэтак хутка пазбаўляюцца толькі ад сведкаў


Кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» пракаментаваў звесткі пра расстрэл Уладзіслава Кавалёва.

«Тое, што адбылося, цяжка неяк каментаваць. Вядома, калі прашэнне аб памілаванні было адхіленае, то прысуд можа быць выкананы ў любы момант. Але ж мы жывем у трэцім тысячагоддзі. Гэта проста нейкае дзікунства”, – разгублены Алег Волчак.

Паводле яго, першае, што прыйшло ў галаву, калі ён пачуў гэтую навіну, – улада пазбаўляецца ад сведкаў. Чаму, напрыклад, фігурантам у справе аб выкраданні Змітра Завадскага жыццё захавалі, асудзіўшы былых спецназаўцаў на пажыццёвае зняволенне, – меркаваць цяжка. Цяпер у гэтай справе так і застанецца пытанняў больш, як адказаў, зазначае Алег Волчак.

Праваабаронца нагадвае, што справа выбуху ў менскім метро раскалола грамадства і ўдарыла па рэйтынгу прэзідэнта: нягледзячы на хуткае расследаванне і працэс, большасць так і не паверыла, што суд быў справядлівы.

“Неўзабаве гадавіна тэракту, таму Лукашэнка і спяшаўся “закрыць гэтую тэму” – прадэманстраваць, што ў краіне па-ранейшаму пануюць стабільнасць і спакой. Але тое, што яны здзейснілі, – гэта параза судовай сістэмы, параза ўлады і ўсяго грамадства”, – падсумоўвае праваабаронца.

belsat.eu

Стужка навінаў