Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў - забітыя


Пра расстрэл Уладзіслава Кавалёва маці асуджанага даведалася з ліста, што прыйшоў на ейны віцебскі адрас. Вярхоўны суд Беларусі паведамляе, што прысуд у дачыненні ейнага сына выканалі. На лісце стаіць штэмпель ад 16 сакавіка.

Інфармацыю аб расстрэле Дзмітрыя Канавалава пацвердзіў партал tut.by. Ягоныя блізкія ўвесь час застаюцца пад аховай КДБ і адмаўляюцца размаўляць з журналістамі.

У лісце за подпісам намесніка старшыні Вярзхоўнага Суда Валерыя Калінковіча напісана наступнае: „Паведамляю, што вырак Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 30 лістапада 2011 года ў дачыненні да Вашага сына Кавалёва Уладзіслава Юр’евіча выкананы. Пасведчанне аб рэгістрацыі смерці Вы можаце атрымаць у аддзеле ЗАГСа адміністрацыі Першамайскага раёна гор. Віцебска”.

Маці плача ў трубку і ўспамінае, што на апошнім спатканні 11 сакавіка сын паводзіў сябе так, быццам ужо ведаў аб прынятым кіраўніком дзяржавы рашэнні не памілаваць ні яго, ні асуджанага да смяротнага пакарання за тэрарызм Дзмітрыя Канавалава.

16 сакавіка Любоў Кавалёва перадала начальніку СІЗА КДБ заяву на сустрэчу адваката з яе сынам, калі той дагэтуль застаецца ў названай установе. У той жа дзень яна звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з просьбаю прыпыніць на год выкананне прысуду ў дачыненні ейнага сына.

Пасля спаткання 11 сакавіка сястра асуджанага Таццяна распавяла: больш за ўсё яе ўразіла не тое, што брат выглядаў моцна стомленым і “згубіўшым баявы дух”, а стаўленне да іх высокага чыноўніка адміністрацыі ізалятара. Паводле дзяўчыны, ён быў занадта ветлівы, чаго не здаралася раней, адказваў на ўсе пытанні маці. Сваякам нават дазволілі выбраць Уладзіславу ў найбліжэйшай кнігарні кнігі ў мяккай вокладцы, накіраваць спіс з назвамі кніг асуджанаму, а тое, што ён абярэ, – набыць.

belsat.eu

Стужка навінаў