Юрась Губарэвіч у «Гарачым каментары»


https://youtu.be/gi2xl6AnRVk
У польскай сталіцы праходзіць найбуйнейшы на гэты момант Форум беларускіх недзяржаўных ініцыятываў. Падчас яго абмяркуюць пытанні супрацы паміж недзяржаўнымі арганізацыямі, а таксама ўплыў дэмакратычнай супольнасці на беларускае грамадства. Палітычныя пытанні – такія, як еўрапейскія санкцыі, а таксама чэмпіянат па хакеі ў 2014 г., – таксама не застануцца без увагі.

Сённяшні форум абяцае аб’яднаць беларускую незалежную супольнасць у пытаннях грамадскага сектару, а таксама дапаможа навязаць кантакты з замежнымі калегамі, якія зацікаўленыя ў супрацы з нашаю краінаю.

Паводле намесніка старшыні руху “За свабоду”, гэта беспрэцэдэнтная падзея – на форуме прэзентавана больш за 80 беларускіх недзяржаўных арганізацыяў.

“Такую сустрэчу немагчыма было б правесці ў Беларусі: пераслед уладаў, немагчымасць сабрацца, немагчымасць размаўляць адкрыта. Я думаю, што паводле вынікаў двухдзённай працы форуму вызначацца канцэпцыі ды далейшае развіццё грамадскага сектару і ўдзел у асноўных грамадскіх і палітычных падзеях сёлета”, – кажа Юрась Губарэвіч.

Палітык спадзяецца, што прадстаўнікі НДА і прысутныя на форуме прадстаўнікі апазіцыі знойдуць агульную мову і дамовяцца пра супрацу. Што датычыць магчымага пераносу чэмпіянату па хакеі 2014 г., то ўдзельнікі форуму спадзяюцца, што гэткая пагроза змусіць задумацца ўлады Беларусі.

“Гэта сігнал міжнароднай супольнасці, аматарам спорту, што ў Беларусі не ўсё нармальна з правамі чалавека. Гэта сігнал і патэнцыйным спонсарам імпрэзы, якія будуць чакаць з укладаннем грошай у гэтую падзею. Гэта быў бы ўдар і па Аляксандру Лукашэнку асабіста – ён сябе прэзентуе як спартовец, а хакей – ягоная любімая гульня, і калі ён у пэўны момант атрымаў дазвол на правядзенне чэмпіянату ў Беларусі – гэта была палітычная перамога. Натуральна, што адмена станецца паразаю ў вачах выбарцаў”, – мяркуе Юрась Губарэвіч.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары