Бандарэнка: Буду шукаць гумарыста, штоне дае выехаць з краіны


Як даведаўся сёння праваабаронца, ён унесены ў спіс невыязных за ўхіленне ад вайсковай службы.

Кіраўніка інфармацыйна-асветніцкай установы “Платформа” не выпусцілі з краіны 15 сакавіка. Праваабаронцу знялі з цягніка “Менск – Варшава”, патлумачыўшы, што ён часова пазбаўлены права на выезд. А сёння ў Аддзеле грамадзянства і міграцыі Кастрычніцкага РУУС Менску Андрэю Бандарэнку выдалі даведку, што абмежаванне звязанае з “ухіленнем ад яўкі на акцыю ў справе закліку на вайсковую службу, у рэзерве, 05.03.2012”.

Як распавёў “Белсату” Андрэй Бандарэнка, ён адразу ж затэлефанаваў у ваенкамат па тлумачэнні. “Там спачатку нават не зразумелі, чаго я ад іх хачу. Палічылі мяне хуліганам, аблаялі ды сказалі, каб не перашкаджаў працаваць”, – гаворыць праваабаронца. Паводле яго, у ваенкамаце заяву міграцыйнага аддзелу назвалі “трызненнем і лухтою”.

Кіраўнік “Платформы” збіраецца ў панядзелак наведаць ваенкамат, а таксама атрымаць каментар у сваёй справе ад Міністэрства абароны. “Гэтыя паперы далучу да заяваў у пракуратуру і суд, буду патрабаваць, каб знайшлі таго “жартаўніка”, што перашкаджае майму выезду з краіны”, – гаворыць Андрэй Бандарэнка.

Нагадаем, за апошнія некалькі дзён у выездзе за межы Беларусі было адмоўлена некалькім грамадскім дзеячам, апазіцыйным палітыкам і журналістам. Сярод іх – лідару Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку, кіраўніку партыі “Справядлівы свет” Сяргею Калякіну, сябру партыі Віктару Карняенку, кіраўніку РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” Алегу Гулаку, а таксама кіраўніцы ГА “БАЖ” Жанне Літвіной і сябрам арганізацыі Валянціну Стэфановічу, Гары Паганяйлу, Андрэю Дыньку і прадстаўніку тэлеканалу “Белсат” у Беларусі Міхасю Янчуку.

Дарэчы, старшыня ГА “БАЖ” Жанна Літвіна сёння таксама звярнулася ў Аддзел грамадзянства і міграцыі паводле месца жыхарства. Там спадарыні Літвіной паведамілі, што яна далучаная да чорнага спісу як “даўжнік у справе аб банкруцтве ці зацікаўленая асоба ў адносінах даўжніка”. Звесткі ў міграцыйную службу падало Міністэрства юстыцыі таксама 5 сакавіка.

belsat.eu

Стужка навінаў