Кім Чэн Ун бразгае зброяй


Тэлебачанне Паўночнай Карэі паказала кадры вучэнняў войска, флоту і паветраных сілаў краіны. Паводле медыяў, сам вялікі лідар Кім Чэн Ун назіраў за вучэннямі.

Ён загадаў афіцэрам і жаўнерам крэатыўна думаць падчас бітвы і нязменна падтрымліваць максімальную баявую гатоўнасць. Кім Чэн Ун таксама заклікаў “бязлітасна знішчыць кожнага ворага, калі той хоць трохі справакуе дзяржаву”.

Гэтыя вучэнні ёсць працягам пагрозаў Паўночнай Карэі распачаць “святую вайну” супраць Паўднёвай Карэі ды Злучаных Штатаў, якія таксама нядаўна правялі супольныя вайсковыя манеўры.

Cёння медыі краіны паведамілі і пра намер запусціць ракету вялікага радыусу дзеяння з спадарожнікам, каб адзначыць 100-годдзе нараджэння Кім Ір Сэна.

У адказ дзяржсакратар Злучаных Штатаў Амерыкі Гілары Клінтан назвала гэтую заяву “выключна правакацыйнаю” і заклікала Пхеньян паважаць падпісаныя міжнародныя забавязальніцтвы, у тым ліку рэзалюцыю аб забароне старту балістычных ракетаў.

Адмыслоўцы называюць гэты план чарговым тэстам карэйскіх ракетаў вялікага радыусу і лічаць, што такім чынам Пхеньян намагаецца выпрасіць фінансавую дапамогу ў ЗША.

belsat.eu

Стужка навінаў