На «Кастрычніцкай» прайшла акцыя супраць смяротнага пакарання (дадалося відэа)


Людзі ўсклалі кветкі ды запалілі свечкі ля памятнай шыльды, што ўсталяваная на выхадзе са станцыі метро “Кастрычніцкая”.

Заклік выказаць такім чынам нязгоду з ужываннем смяротнага пакарання ў краіне і адмоваю памілаваць Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва быў распаўсюджаны ў сацыяльных сетках. “Гэтым мы пакажам, што мы патрабуем увядзення мараторыю на смяротнае пакаранне. Мы патрабуем паўторнага, сур’ёзнага судовага разбору. Мы пакажам, што мы згуртаваныя і салідарныя”, – абвесцілі ў віртуальнай прасторы.

Цяпер выхады з Кастрычніцкай – пад пільнаю ўвагаю “людзей у цывільным”, якімі кіруе намеснік начальніка менскай міліцыі, палкоўнік Ігар Яўсееў. Аператары спецслужбаў здымаюць на відэа ўдзельнікаў акцыі ды журналістаў. Каб не правакаваць міліцыянтаў, людзі падыходзяць па адным, па два, кладуць кветкі ды адразу ж сыходзяць. Згодна з падлікамі журналістаў, ужо прыкладна трыццаць чалавек усклалі кветкі да памятнай шыльды.

Аднак і пры гэтым міралюбным характары акцыі не абышлося без затрымання. Дваіх маладзёнаў зацягнулі ў цёмна-сіні мікрааўтобус, што стаіць за рогам на вул. Энгельса. За дзвюма дзяўчынамі, што ўсклалі кветкі ды пайшлі да Палацу прафсаюзаў, таксама пабеглі некалькі пераапранутых міліцыянтаў. Магчыма, дзяўчат таксама затрымалі.

14 сакавіка стала вядома, што Лукашэнка прыняў рашэнне адмовіць у памілаванні асуджаных на смяротнае пакаранне Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.

belsat.eu

Стужка навінаў