Барадач: Ужо расстрэльвалі, не дачакаўшыся рашэння


У Беларусі былі выпадкі, калі смяротны вырак выконвалі, не дачакаўшыся рашэння аб памілаванні. Пра гэта распавёў былы камандзір брыгады спецназу Уладзімір Барадач.

Ён ведае пра выпадак, калі злодзея ў законе расстралялі, не дачакаўшыся, пакуль прашэнне аб памілаванні дойдзе да Аляксандра Лукашэнкі. Паводле Барадача, было і такое, што вырак выканалі цягам дня пасля прыняцця рашэння.

Аднак звычайна працэдура займае пэўны тэрмін, мінімум 10 дзён. Вядомыя выпадкі, калі асуджаныя на смерць чакалі свайго апошняга дня некалькі месяцаў. Уладзімір Барадач мяркуе, што асуджаных да смерці за тэракт у менскім метро Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва яшчэ не паспелі расстраляць.

Рашэнне Аляксандра Лукашэнкі, які не памілаваў Кавалёва (Канавалаў, паводле афіцыйных звестак, прашэння не пісаў), былы камандзір брыгады спецназу называе вялікаю памылкаю. Ён нагадвае, што тут трэба ўлічваць не толькі міжнародны розгалас справы, але і тое, што вынікам расследавання не давярае большасць беларусаў.

Дзеля ратавання ўласнай рэпутацыі кіраўніку Беларусі варта было прызначыць іншую следчую групу і правесці дадатковае расследаванне. «Ён узважваў усе за і супраць – якое рашэнне прыняць, але не змог пераадолець страху, што злачынства будзе раскрытае […] Фактычна, ён узяў усю адказнасць, усе нюансы гэтага злачынства на сябе», – мяркуе Уладзімір Барадач.

belsat.eu

Стужка навінаў