Эштан: Еўрапейскія амбасадары мусяць вярнуцца ў Беларусь


Вярхоўная прадстаўніца Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі раіць дыпламатам зрабіць гэта цягам тыдня, да паседжання Рады міністраў замежных справаў ЕЗ, на якім могуць зацвердзіць новыя санкцыі ў дачыненні беларускага рэжыму.

Такое меркаванне Кэтрын Эштан выказала 15 сакавіка на нарадзе ў пытанні вонкавай палітыкі ЕЗ, перадае агенцтва «France Press» са спасылкаю на дыпламатычную крыніцу ў Бруселі.

23 сакавіка Рада міністраў ЕЗ можа ўвесці новыя санкцыі ў дачыненні Беларусі. Гаворка ідзе пра санкцыі супраць фізічных і юрыдычных асобаў, адказных за парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі ў дачыненні прадстаўнікоў апазіцыі ды грамадзянскай супольнасці, а таксама супраць тых, хто «падтрымлівае або ёсць бенефіцыярам рэжыму Лукашэнкі».

15 сакавіка ў МЗС Беларусі заявілі: пытанне пра вяртанне паслоў улады Беларусі плануюць разглядаць пасля 23 сакавіка. Каментуючы журналістам інфармацыю пра тое, што ЕЗ нібыта гатовы прыняць рашэнне пра вяртанне сваіх амбасадараў у Менск, намесніца начальніка ўпраўлення інфармацыі – начальніца аддзелу прэс-службы МЗС Марыя Ваньшына сказала: «У нас няма такой інфармацыі. Аднак, разважаючы разумна, пра якое вяртанне еўрапейскіх паслоў сёння можа ісці гаворка, калі сам Еўразвяз не стамляецца пагражаць нам увядзеннем новых санкцыяў 23 сакавіка? Давайце спачатку дачакаемся гэтай даты, а ўжо потым мы будзем вызначацца, у тым ліку і адносна вяртання паслоў».

Амбасадары краінаў ЕЗ пакінулі Менск у канцы лютага – пачатку сакавіка. Падставаю для дыпламатычнага канфлікту сталася прынятае 27 лютага Радаю міністраў замежных справаў ЕЗ рашэнне пашырыць спіс не ўязных у краіны Еўразвязу прадстаўнікоў беларускай дзяржавы.

28 лютага ўлады Беларусі рэкамендавалі кіраўніцы прадстаўніцтва Еўразвязу Майры Муоры і амбасадару Польшчы Лешэку Шэрэпку «выехаць у свае сталіцы для кансультацыяў, каб давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку пра непрымальнасць ціску і санкцыяў». У адказ на гэта ўсе краіны ЕЗ адклікалі сваіх амбасадараў з Менску.

2 сакавіка на саміце ў Бруселі лідары краінаў Еўразвязу віталі рашэнне Рады ЕЗ пашырыць спіс асобаў, да якіх прымяняюцца візавыя і эканамічныя санкцыі ў звязку з парушэннямі правоў чалавека. Удзельнікі саміту заклікалі Раду ЕЗ прыняць «далейшыя захады» ў гэтым кірунку.

belsat.eu

Стужка навінаў