Апытанне: заслужылі смерць?


Нягледзячы на тое, што кіраўнік дзяржавы паабяцаў як мага хутчэй разгледзець пытанне аб памілаванні Кавалёва, справа цягнулася доўгія месяцы. Урэшце ўчора, 14 сакавіка, Аляксандр Лукашэнка знайшоў час, каб даць згоду на расстрэл Канавалава і Кавалёва.

За гэты час шмат хто паверыў, што прынамсі Уладзіслава Кавалёва памілуюць. Багата пытанняў да следства, няўпэўненая лінія абвінавачання на судовым працэсе і намаганні ягонай маці давалі надзею на тое, што ахвяраў тэракту не пабольшае.

“Белсат” запытаўся ў мінакоў у Менску і Берасці: як яны ставяцца да рашэння Лукашэнкі?

“Не, смяротнае пакаранне! Іх мне не шкада, бо мне шкада тых, хто загінуў у тэракце. Бо яны б не спыніліся, а рабілі б тое, што і раней, не спыніліся б! І нашыя дзеці ды ўнукі гінулі б і надалей”, – пажылая жанчына лічыць, што і з-за муроў турмы Кавалёў і Канавалаў працягвалі б тэрарыстычную дзейнасць.

“Пастаўце на адзін бок людзей, якіх яны забілі, – і што за гэта ён мусіць атрымаць? Праўда, хоць мне і не вырашаць, але напэўна “пажыццёвае”, як вы кажаце, – гэта, можа, нават цяжэй, чымся адразу смерць прыняць. Я чалавек законапаслухмяны: як вырашыць закон, з тым і пагаджуся”, – кажа мужчына.

“Калі яны гэта зрабілі, хай іх расстраляюць”, – адрэзаў малады чалавек.

“Ну, я лічу, што яны мусяць быць пакараныя, хоць можна было б яшчэ і іншыя варыянты разгледзець, але яны заслугоўваюць такога пакарання. Яны мусяць адчуць тое, што адчулі родныя загінулых. Я думаю, што гэта правільна, што Лукашэнка падтрымаў рашэнне суда. Я думаю, гэта нармальна”, – кажа малады бацька.

“Заслугоўваюць. Расстраляла б – і вокам і не міргнула б”, – згаджаецца ягоная жонка.

“Гэта трэба ведаць усе матэрыялы справы. Дый гэта не нам вырашаць, ужо ўсё вырашана за нас. Мы ж бачым па нашым беларускім тэлебачанні, што адбываецца. Што мы – выйдзем за злачынцаў заступацца? Не. Што праўда, ці злачынцы яны – хай гэта будзе на сумленні следства”, – кажа мужчына.

“Хай Бог разбіраецца”, – адмахнулася жанчына сталага веку.

“Няма даравання – столькі людзей загубілі. Не шкада мне іх, гэта вельмі лёгкая смерць, яны нават не адчуюць, – падзялілася досведам жанчына і дадала: – Людзі ж загінулі! Ад рук свайго, савецкага чалавека: ён жа не вораг, што ж ён робіць!”

Толькі адзін чалавек з апытаных намі катэгарычна супраць расстрэлу, хоць і верыць версіі следства.

“Проста па-хрысціянску нельга. Канечне, зрабілі яны страшнае гора, вялізарную бяду, але ж нічога не зменіш гэтым. Дый паводле камуністычнай маралі, як нас выхоўвалі… Усё ж трэба іх памілаваць”, – зрабіў выснову пажылы мужчына.

belsat.eu

Стужка навінаў