Любоў Кавалёва ў «Гарачым каментары»


Кіраўнік Беларусі пастанавіў пакараць асуджаных на смерць Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Пра гэта паведаміла выданне “Панарамы” на тэлеканале “Беларусь-1”. Такое рашэнне Аляксандра Лукашэнкі патлумачылі “выключнаю небяспекаю і цяжкасцю наступстваў для грамадства дзеянняў асуджаных”.

26-гадовых Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, нарадзінцаў Віцебску, затрымалі летась 12 красавіка. Іх падазравалі ў арганізацыі тэракту на станцыі метро “Кастрычніцкая” ў Менску. Пасля разбору справы дадаліся абвінавачанні ў арганізацыі выбуху ў сталіцы 4 ліпеня 2008 г., а таксама серыі ранейшых выбухаў у Віцебску. Канавалаў прызнаў сябе вінаватым толькі ў менскіх выбухах. Кавалёў не прызнаў вінаватасці ў саўдзеле і арганізацыі тэрактаў.

Летась 30 лістапада Вярхоўны Суд прысудзіў абодвух фігурантаў справы да расстрэлу.

Дзмітрый Канавалаў адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта. Уладзіслаў Кавалёў прашэнне напісаў.

Увесь гэты час маці Кавалёва змагалася за жыццё сына, звяртаючыся да ўладаў і міжнароднай супольнасці. Любоў Кавалёва да апошняга не верыла, што кіраўнік дзяржавы прыме такое рашэнне.

“Я не думала, што можна прыняць такое рашэнне адносна невінаватага чалавека. Нават з матэрыялаў справы майму сыну нельга было вынесці такога прысуду. І раптам – адмова ў памілаванні. Гэта ж забойства, гэта яшчэ дзве ахвяры тэракту”, – кажа спадарыня Кавалёва.

Маці асуджанага лічыць, што гэткім чынам сапраўдныя арганізатары тэракту замятаюць сляды. Яна ўпэўненая, што грамадства не прыняло версіі следства, і што большасць не верыць у віну Кавалёва. Пра гэта кажа вялізнае падтрыманне, якое яна займела з усіх бакоў. Спадарыня Кавалёва заўважае, што ніхто за гэты час не назваў яе “маткаю тэрарыста”, і просіць і надалей не сумнявацца ў невінаватасці ейнага сына.

“Я думаю, цяпер адзіны шанец на ўратаванне – гэта калі Аляксандр Рыгоравіч добра падумае і зменіць сваё рашэнне. І мне цяпер нічога не застаецца, як звяртацца да іншых людзей, да іншых краінаў, каб яны неяк нам дапамаглі. Я не ведаю, ці можна штосьці змяніць. Калі тут нейкія палітычныя гульні ды хлопцы сталі закладнікамі, – тады магчыма”, – кажа Любоў Кавалёва.

belsat.eu

Стужка навінаў