Любоў Кавалёва патрабуе адказу: дзе ейны сын?


Маці Уладзіслава Кавалёва разам з адвакатам Станіславам Абразеем накіроўваюцца ў следчы ізалятар КДБ, каб патрабаваць пісьмовага адказу на пытанне, дзе цяпер ейны сын.

“Пойдзем зараз у СІЗА КДБ, няхай пісьмова пацвердзяць, што ў іх няма Улада”, – паведаміла “Белсату” Любоў Кавалёва. Жанчына гаворыць, што наважаная змагацца за сына да канца, “калі яшчэ ёсць за каго змагацца”.

Нагадаем: ні ўчора, ні сёння Станіслаў Абразей не змог сустрэцца са сваім падабаронным – у СІЗА КДБ і ў СІЗА на вул. Валадарскага, дзе выконваюць смяротныя прысуды, адвакату заяўляюць, што Уладзіслава Кавалёва ў іх няма. Адвакат збіраўся сёння падаць наглядную скаргу на прысуд свайму падабароннаму. І цяпер дамагаецца таго, каб прысуд не выконвалі, пакуль скарга не будзе разгледжаная.

“Тое, што Лукашэнка адмовіўся памілаваць Уладзіслава Кавалёва яшчэ да разгляду нагляднай скаргі, фармальна парушэннем не лічыцца, бо вырак абвяшчаў Вярхоўны Суд, і ён ёсць канчатковым”, – патлумачыў “Белсату” юрыст і праваабаронца Уладзімір Лабковіч.

І дадае, што для беларускіх праваабаронцаў рашэнне кіраўніка краіны сталася шокам. “Праваабарончы цэнтр “Вясна” ад 2009 г. вядзе кампанію за скасаванне смяротнага пакарання. І, калі зыходзіць з тых адказаў, што прыходзілі на нашыя звароты ў органы ўлады, у нас заставалася надзея, што наш голас будзе пачуты. Таму тое, што адбылося ўчора, сталася для нас нечаканасцю”, – адзначае Уладзімір Лабковіч.

Прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” гаворыць, што яны заклікаюць улады тэрмінова ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне. “Дастаткова толькі ўказу Лукашэнкі, каб захаваць жыццё ўсім асуджаным на смерць”, – зазначае Уладзімір Лабковіч.

Як стала вядома 14 сакавіка, Аляксандр Лукашэнка адмовіўся памілаваць асуджаных за тэракт у менскім метро Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Такім чынам, Беларусь па-ранейшаму застаецца апошняю краінаю ў Еўропе, дзе існуе смяротнае пакаранне.

belsat.eu

Стужка навінаў