ЕЗ заклікае змяніць рашэнне аб расстрэле Канавалава і Кавалёва


Пра гэта заявіў старшыня Еўрапарламенту Марцін Шульц.

“Я глыбока засмучаны навіною, што прэзідэнт Лукашэнка адмовіўся памілаваць Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, асуджаных да смерці за выбух у менскім метро, – цытуе кіраўніка Еўрапарламенту ягоны афіцыйны сайт. – Яны былі асуджаныя, нягледзячы на сур’ёзныя сумневы адносна іхнай ролі ў гэтай трагічнай падзеі. Згодна са справаздачамі праваабарончых арганізацыяў, судовы разбор не адпавядаў міжнародным стандартам”.

Марцін Шульц падкрэслівае, што смяротнае пакаранне – “незваротнае, негуманнае і зневажальнае”, і Еўрапарламент выступае супраць яго ўжывання пры любых умовах.

“Я заклікаю Беларусь, апошнюю краіну ў Еўропе, дзе ўсё яшчэ ўжываецца смяротнае пакаранне, увесці мараторый”, – заявіў еўрапейскі палітык.

Не забіваць Кавалёва і Канавалава заклікаюць таксама прадстаўнікі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ).

У супольнай заяве старшыні ПАРЕ Жан-Клёда Міннёна, спецдакладчыка па Беларусі Андрэса Хэркеля, а таксама дэпутатаў Марылюізэ Бэк (Нямеччына) і Рэнатэ Вольвэнд (Ліхтэнштэйн) сказана: “Мы надзвычай заклапочаныя тым, што пасля абвяшчэння аб рашэнні прэзідэнта Лукашэнкі адмовіць у памілаванні двух маладым людзям, жахлівы акт можа быць выкананы ў кожны момант”.

“У святле нашага прынцыповага непрыняцця смяротнага пакарання і шматлікіх пытанняў адносна сумленнасці судовага працэсу мы просім улады Беларусі ўстрымацца ад пакарання Канавалава і Кавалёва”, – гаворыцца ў дакуменце.

25-гадовыя жыхары Віцебску Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў былі прысуджаныя да найвышэйшай кары 30 лістапада 2011 г. Вярхоўным Судом Беларусі. Канавалаў прызнаны вінаватым непасрэдна ў тэрарызме, Кавалёў – у спрыянні тэрарызму.

У выніку тэракту 11 красавіка 2011 г. 15 чалавек загінулі, цяжкія цялесныя пашкоджанні атрымалі 32, менш цяжкія – 72, іншыя цялесныя пашкоджанні – 283 чалавекі. У выбуху 4 ліпеня 2008 г. у Менску раненні атрымалі 59 чалавек, 22 верасня 2005 г. у Віцебску – 55, 14 верасня ў Віцебску – два чалавекі.

Кавалёў звярнуўся да прэзідэнта з прашэннем аб памілаванні, Канавалаў – не.

Увечары 14 сакавіка на тэлеканале “Беларусь-1” было абвешчана, што Аляксандр Лукашэнка адмовіўся памілаваць Кавалёва і Канавалава.

Сёння стала вядома, што Кавалёва вывезлі са следчага ізалятару КДБ. Пра гэта ягонаму адвакату Станіславу Абразею паведамілі ў следчым ізалятары КДБ. Куды менавіта этапаваны асуджаны, не ўдакладнілі.

Эксперты не выключаюць, што смяротны прысуд Канавалаву і Кавалёву ўжо прыведзены ў выкананне, а паведамленне аб адмове ў памілаванні было зробленае постфактум.

Апошні раз маці ды сястра Кавалёва сустракаліся з ім у СІЗА КДБ 11 сакавіка.

belsat.eu

Стужка навінаў