Еўрапарламент не прыняў рэзалюцыі наконт Беларусі


Галасаванне наконт праекту рэзалюцыі, у якой ёсць заклік перанесці чэмпіянат свету па хакеі 2014 г. у іншую краіну, адклалі да наступнага паседжання Еўрапарламенту. Яно адбудзецца напрыканцы сакавіка.

Рашэнне прынялі ў звязку з адмовай Аляксандра Лукашэнкі памілаваць асуджаных да смяротнага пакарання за тэракт у менскім метро Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.

Еўрапарламент меў намер заклікаць Раду Еўразвязу да ўвядзення кропкавых эканамічных санкцыяў у дачыненні Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў праекце рэзалюцыі, апублікаваным на сайце еўрапейскай структуры.

У праекце таксама ўтрымліваецца заклік да Міжнароднай федэрацыі хакею яшчэ раз абмеркаваць магчымасць пераносу чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 г. з Беларусі ў іншую краіну. На думку еўрапарламентарыяў, правядзенне першынства ў Менску не магчымае, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні і пакуль улады Беларусі не пачнуць паважаць правы чалавека.

Еўрапарламент мае намер яшчэ раз заклікаць афіцыйны Менск неадкладна і без якіх-небудзь умоваў вызваліць і рэабілітаваць усіх палітзняволеных. Апрача таго, еўрадэпутаты асуджаюць працяг ціску уладаў на грамадзянскую супольнасць і палітычную апазіцыю.
У асобным пункце ў праекце рэзалюцыі асуджаецца заява Аляксандра Лукашэнкі на адрас міністра замежных справаў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле.

Нагадаем, абмяркоўваючы 4 сакавіка з журналістамі тэму санкцыяў ЕЗ, Лукашэнка згадаў пра «двух тыпаў ад палітыкі», адзін з якіх жыве ў Варшаве, другі – у Берліне. «Што тычыцца другога, ці то ружовага, ці то блакітнага, які там пра дыктатуру крычаў… Пачуўшы гэта, я падумаў: лепш быць дыктатарам, чымся блакітным. Але Бог з ім, пытанне ў іншым – мы ўсе памятаем сярэдзіну мінулага стагоддзя і што свет атрымаў ад іхнай дыктатуры. Наш народ яшчэ не апамятаўся дагэтуль. Таму не ім нас папракаць нейкаю дыктатураю. Я на гэтую тэму наогул разважаць не хачу», – заявіў кіраўнік Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў