Смяротны прысуд Канавалаву і Кавалёву маглі ўжо выканаць (Абноўлена)


Уладзіслава Кавалёва, асуджанага на смяротнае пакаранне за суўдзел у здзяйсненні тэракту, вывезлі са следчага ізалятару КДБ. Пра гэта паведаміла ягоная маці Любоў Кавалёва.

Паводле жанчыны, раніцаю 15 сакавіка адвакат Станіслаў Абразей прыйшоў у СІЗА КДБ, каб сустрэцца са сваім падабаронным, але яму паведамілі, што Кавалёва этапавалі, а куды – не ўдакладнілі. Пасля гэтага адвакат паспрабаваў знайсці Кавалёва ў следчым ізалятары № 1 МУС па вуліцы Валадарскага, але там заявілі, што чалавека з такім прозвішчам у іх няма. Цяпер, паводле Любові Кавалёвай, адвакат рыхтуе заяву ў СІЗА КДБ з просьбай інфармаваць, дзе цяпер ягоны падабаронны.

Маці Уладзіслава Кавалёва выехала з Віцебску ў Менск, каб даведацца пра лёс сына, асуджанага на смяротнае пакаранне за суўдзел у здзяйсненні тэракту. 14 сакавіка па тэлеканале «Беларусь 1» абвесцілі, што кіраўнік краіны адмовіў у памілаванні Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву.

Любоў Кавалёва сказала, што мае намер у першую чаргу сустрэцца з адвакатам сына Станіславам Абразеем, каб даведацца, чым матываваная адмова ў памілаванні. Тым часам высветлілася, што адваката не пусцілі да падабароннага ў СІЗА КДБ не толькі 14 сакавіка, але не пускаюць і сёння.

Адмыслоўцы не выключаюць, што смяротны прысуд у дачыненні Канавалава і Кавалёва ўжо прывялі ў выкананне, а пра адмову ў памілаванні паведамілі постфактум. Гэта магло адбыцца пасля 11 сакавіка – у той дзень маці і сястра Кавалёва атрымалі з ім трохгадзіннае спатканне ў СІЗА КДБ.

Пасля спаткання сястра асуджанага Таццяна расказала: больш за ўсё яе ўразіла не тое, што брат выглядаў моцна стомленым і «нібыта згубіў баявы дух», а стаўленне да іх прадстаўніка адміністрацыі ізалятара. Паводле дзяўчыны, ён быў занадта ветлівы, чаго не здаралася раней, адказваў на ўсе пытанні маці. Сваякам нават дазволілі выбраць Уладзіславу ў найбліжэйшай кнігарні кнігі ў мяккай вокладцы, накіраваць спіс асуджанаму, а тое, што ён выбера, – затым набыць.

Разам з тым, на думку экспертаў, прысуджаныя да смяротнага пакарання могуць быць жывыя. Канавалаву і Кавалёву, якія ўтрымліваюцца ў поўнай ізаляцыі ў СІЗА КДБ, можа быць яшчэ не вядома пра тое, што кіраўнік дзяржавы адмовіўся іх памілаваць. Дарэчы, хадайніцтва на імя Аляксандра Лукашэнкі падаваў толькі Кавалёў. Канавалаў, паводле афіцыйнай інфармацыі, – не. У гэтым выпадку любыя сустрэчы з адвакатамі і сваякамі выключаюцца, бо пра рашэнне кіраўніка дзяржавы прысуджаныя да смяротнага пакарання (прынамсі, раней) даведваліся толькі перад прывядзеннем выраку ў выкананне, кажуць адмыслоўцы.

Найбольш аптымістычны, але самы малаімаверны варыянт развіцця падзеяў – пасля паказальнага абвяшчэння рашэння прэзідэнта ў краіне могуць увесці мараторый на смяротнае пакаранне.

belsat.eu

Стужка навінаў