Журналіста "Белсату" не выпусцілі за мяжу


Сёння сталі вядомыя прозвішчы новых ахвяраў чорнага спісу ўладаў Беларусі.

Як паведаміла старшыня грамадскай арганізацыі «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанна Літвіна, у Нацыянальным аэрапорце «Менск» памежнікі заявілі ёй, што яна ўваходзіць у спіс асобаў, для якіх выезд з краіны часова абмежаваны. Паводле памежнікаў, такое рашэнне прыняла міліцыя. У пашпарт Літвіной паставілі штамп «У выездзе адмоўлена»

Уначы 15 сакавіка з краіны не выпусцілі журналіста тэлеканалу «Белсат» Міхаіла Янчука.

На сённяшні дзень вядома пра восем прадстаўнікоў апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і медыяў, якім часова забаранілі выезд з Беларусі. Акрамя Літвіной і Янчука гэта кіраўнік праваабарончага грамадскага аб’яднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт» Алег Гулак, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка, праваабаронца Валянцін Стэфановіч і шэф-рэдактар газеты «Наша ніва» Андрэй Дынько.

Сёння Жанна Літвіна і Міхась Янчук правялі прэс-канферэнцыю.

belsat.eu

Стужка навінаў