Якія «сюрпрызы» рыхтуе Еўрапарламент для Лукашэнкі?


Ці забароніць Еўрапарламент правядзенне чэмпіянату свету па хакеі ў Менску? Галасаванне ў справе рэзалюцыі наконт Беларусі пройдзе сёння ад 14:00 да 16:00.

Паўстала шэсць праектаў тэксту рэзалюцыі наконт Беларусі, прэзентаваных рознымі палітычнымі групамі Еўрапарламенту. Адносна чэмпіянату свету адзінай пазіцыі ў дэпутатаў няма. Аўтары трох праектаў (у тым ліку самая буйная палітычная група ў Еўрапарламенце – Еўрапейская народная партыя) выступаюць за перанос чэмпіянату, пакуль не выпусцяць усіх палітвязняў. Сацыялісты і дэмакраты традыцыйна займаюць больш мяккую пазіцыю, таму гэты пункт у сваю прапанову ўвогуле не ўключылі. «Зялёныя» прапаноўваюць выкарыстаць спартовую падзею сусветнага маштабу дзеля таго, каб прыцягнуць увагу да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Усе групы заклікаюць Лукашэнку вызваліць палітвязняў. Ёсць прапановы ўзмацніць санкцыі (у тым ліку эканамічныя) у дачыненні афіцыйнага Менску.

Напярэдадні старшыня Еўрапейскага парламенту Марцін Шульц на сустрэчы з камісарам Еўрапейскага звязу ў пытаннях пашырэння і палітыкі суседства Штэфанам Фюле заявіў, што ўзрушаны «тым, як пагоршылася сітуацыя ў Беларусі ў сферы правоў чалавека і палітычных свабодаў». Ён заклікаў Аляксандра Лукашэнку вызваліць віцебскага актывіста Сяргея Каваленку, які можа памерці праз галадоўку, ды іншых палітвязняў, а таксама памілаваць абвінавачаных у тэракце Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. У той жа дзень стала вядома, што кіраўнік Беларусі адмовіўся іх памілаваць.

belsat.eu

Стужка навінаў