"Бадзяжны кот Боб" у Лондане


Вулічны музыка Джэймз Боўэн (James Bowen) і ягоны кот Боб прэзентавалі сваю першую кнігу.

Боўэн зарабляе на жыццё, граючы на гітары ды прадаючы часопіс “The Big Issue”. Гэта адмысловае выданне, якое распаўсюджваюць бяздомныя альбо людзі з фінансавымі праблемамі. Прадавец набывае часопіс за 70 пенсаў і прадае за 1,5 фунта. Аднойчы ён знайшоў параненага рудога ката, які цяпер не адыходзіць ад Боўэна ні на крок. Пара стала распазнавальнымі персанажамі лонданскіх вуліцаў.

Выпадкова Боўэна ўбачыла літаратурная агентка Мэры Пэчнас (Mary Pachnos), якая дапамагла ператварыць гісторыю жыцця чалавека і жывёлы ў кнігу. “Я проста ішла ў супермаркет і выпадкам убачыла гэтага чалавека – такога хутчэй прыемнага, з вялікім рудым катом на стосе часопісаў “The Big Issue”. І мне падалося гэта вельмі цікавым, бо ніколі раней не бачыла, каб кот дапамагаў прадаваць гэты часопіс – хутчэй гэта звычайна сабакі. Я ўжо прэзентавала некалькі паспяховых кніг пра жывёлінаў ды іхных гаспадароў, прыкладам, “Марлі і я”. То бок на гэта ёсць попыт, і ў гэтым каце было штосьці, што мяне зачапіла”, – кажа яна.

Тым часам у Боба з’явілася старонка ў “Фэйсбуку” і акаўнт у “Тўітэры”, а ягоны гардэроб удвая большы, чымся ў гаспадара. Нягледзячы на гэта, Боўэн працягвае граць на вуліцах, бо не асабліва верыць у фінансавы поспех кнігі. За дзень разам з Бобам у яго атрымліваецца сабраць 30–40 фунтаў.

“Сумняюся, што гэтая кніга прынясе надта шмат грошай – сёння на гэтым не заробіш, гэт бізнес вымірае, на жаль. Але было б выдатна прадаць колькі асобнікаў і трохі наладзіць жыццё”, – кажа Боўэн.

belsat.eu

Стужка навінаў