Віктар Івашкевіч звяртаецца да сумлення еўрапейцаў


Сёння палітык публічна звярнуўся да ўрадаў еўрапейскіх краінаў з патрабаваннем неадкладна забараніць набыванне і транспартаванне беларускіх нафтапрадуктаў да вызвалення Сяргея Каваленкі.

“Наколькі еўрапейцы пагодзяцца ўвесці санкцыі, пытанне іхнага сумлення і адпаведнасці словаў справам. Нашая справа – публічна да гэтага заклікаць”, – заявіў Івашкевіч і дадаў, што ягоную ініцыятыву на сайце Аб’яднанай грамадзянскай партыі падтрымаў палітык Анатоль Лябедзька. “Пакуль аніякіх зваротаў ад лідараў ЕЗ я не ведаю”, – адзначыў Івашкевіч.

Палітык сцвярджае, што Каваленку могуць вызваліць. “Калі дапусціць, што Каваленка “ўпёрся” ў сваіх патрабаваннях і не збіраецца саступаць, як у свой час гэта рабіў Казулін, неверагоднае патрабаванне якога, каб ЗША паставілі пытанне Беларусі ў Радзе бяспекі ААН, было выкананае, то вызваліць Каваленку могуць. Гэта не патрабуе ніякіх высілкаў і матэрыяльных выдаткаў”, – падкрэсліў Івашкевіч.

Але ён упэўнены, што адзіныя еўрапейскія санкцыі праблемаў краіны не вырашаць, калі беларусы самі не будуць нічога рабіць. “Трэба грукацца і ў еўрапейскія дзверы, і да людзей у Беларусі – толькі так зможам сітуацыю разварушыць. Кожны чалавек можа аналагічны майму ліст даслаць у любую амбасаду любой еўрапейскай краіны і выхадзіць на публічныя акцыі з транспарантамі “Свабоду палітвязням” і “Свабоду Каваленку!”. Калі мітынг 25 сакавіка будзе дазволены, што, акрамя ўласнай ляноты, перашкаджае туды пайсці?” – запытаў Івашкевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў