Алену Каваленку пратрымалі ў пастарунку болей за тры гадзіны


На кіроўца аўта Сяргея Парсюкевіча склалі пратакол за непрышпіленых на задніх седалах пасажыраў.

Як паведаміў Сяргей Парсюкевіч, яго будуць разглядаць у ДАІ 20 сакавіка.

Аўта Сяргея Парсюкевіча, у якім акрамя кіроўцы ехалі яшчэ 4 пасажыры, у тым ліку і Алена Каваленка з семімесячнаю дачкою, сёння ўдзень спынілі працаўнікі ДАІ. Як распавяла “Белсату” Алена Каваленка, яны не паспелі ад’ехаць ад дому, як адразу “на хвост” ім селі працаўнікі ДАІ. Праз некаторы час з’явілася яшчэ адна міліцэйская машына, і аўтамабіль Парсюкевіча заблакавалі.

“Відавочна, што ім далі загад затрымаць нас у любым выпадку. Бо міліцыянты нават не ведалі, да чаго б прычэпіцца. Праверылі ўсю машыну, нават тэрмін прыдатнасці лекаў, што знаходзіліся ў аптэчцы, але ніякіх парушэнняў не знайшлі. Тады нехта з міліцыянтаў заявіў, што пасажыры на задніх седалах аўта былі не прышпіленыя, хоць гэта і няпраўда, і нам загадалі праследаваць у Першамайскі РАУС”, – распавядае спадарыня Каваленка.

Са словаў жанчыны, і ў аддзяленні пераканаць міліцыянтаў, што правілы не былі парушаныя, ім не ўдалося. Хоць у пастарунак і прыйшоў адвакат Сяргея Парсюкевіча, у прысутнасці якога з пасажыраў як са сведкаў узялі тлумачэнні. “Мяне пратрымалі там болей за 3 гадзіны, Сяргея Парсюкевіча яшчэ больш. Зноўку ператрэслі ўсё аўта, аднак нічога крымінальнага не знайшлі. Таму вось і ўчапіліся за гэтую версію з непрышпіленымі пасажырамі”, – мяркуе жанчына.

Алена Каваленка не выключае, што мясцовыя ўлады палічылі, быццам яны едуць арганізоўваць пікет, таму і далі загад затрымаць аўта.

Некалькі дзён таму Алена Каваленка разам з дзецьмі ладзіла акцыю падтрымання свайго мужа, Сяргея Каваленкі, асуджанага на 2 гады і 1 месяц калоніі нібыта за парушэнне адбыцця “хатняй хіміі”. Пакаранне “хіміяй” Сяргей Каваленка атрымаў за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай яліне Віцебску.

На знак пратэсту супраць прысуду вязень ужо працяглы тэрмін трымае галадоўку. Паводле Алены Каваленкі, якая нядаўна наведвала мужа ў турэмным шпіталі ў Менску, Сяргей важыць усяго 51 кілаграм.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары