Еўразвяз будзе весці дыялог, але не з уладамі


Праграму “Еўрапейскі дыялог для мадэрнізацыі Беларусі” мусяць фармальна ўхваліць на паседжанні Рады міністраў замежных справаў ЕЗ, паведаміла Мая Кацыянчыч (Maja Kocijančić), прэс-сакратар вярхоўнай прадстаўніцы Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан (Catherine Ashton). Сутнасць новай праграмы – актывізацыя супрацы з беларускаю грамадзянскаю супольнасцю.

“Як вы памятаеце, пасля непразрыстых выбараў у снежні 2010 года мы гаварылі пра неабходнасць узмацніць дыялог з грамадзянскаю супольнасцю і насельніцтвам Беларусі ўвогуле, – адзначыла прэс-сакратар. – І цяпер мы рэалізоўваем гэтую ідэю, якую назвалі “Еўрапейскі дыялог для мадэрнізацыі”. Іншымі словамі, мы пашыраем нашую супрацу з грамадзянскаю супольнасцю і беларускаю палітычнай апазіцыяй”.

“І мы працягнем працаваць з імі для абмеркавання еўрапейскай будучыні для Беларусі, дэмакратычнай альтэрнатывы і патэнцыяльнай выгады для краіны. Мы спадзяемся ўбачыць, як змяняецца Беларусь у бок дэмакратыі, вяршэнства закону і павагі правоў чалавека”, – заявіла Кацыянчыч.

У гэтым выпадку, падкрэсліла яна, з боку ЕЗ магчымая дапамога краіне ў правядзенні эканамічных рэформаў і прыцягненні інвестыцыяў. У прыватнасці, магчымая больш актыўная супраца з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця ды Еўрапейскім інвестыцыйным банкам, аказанне макраэканамічнай дапамогі.

Варта таксама адзначыць, што 23 сакавіка на пасяджэнні Рады міністраў ЕЗ будзе разгледжаны поўны спіс беларускіх прадпрыемстваў і бізнесоўцаў, да якіх могуць быць ужытыя санкцыі, – пра гэта паведаміла Кэтрын Эштан 27 лютага.

Нагадаем, прыняць “далейшыя захады” ў дачыненні беларускай дзяржавы Раду ЕЗ заклікалі лідары краінаў Еўразвязу на саміце ў Бруселі 2 сакавіка. У прынятай заяве еўрапейскія кіраўнікі таксама выказалі прыхільнасць супрацы з грамадзянскаю супольнасцю Беларусі ды падтрыманню дэмакратычных памкненняў беларускага народу.

belsat.eu

Стужка навінаў