Еўрапарламент абмяркуе сітуацыю ў Беларусі


Еўрапарламент правядзе дэбаты пра сітуацыю ў Беларусі 14 сакавіка ў межах пленарнай сесіі ў Страсбуры. Згодна з парадкам дня, размешчаным на сайце Еўрапарламенту, беларускае пытанне будзе разглядацца разам з яшчэ чатырма ў перыяд з 15:00 да 21:00 паводле сярэднееўрапейскага часу (з 17:00 да 23:00 паводле беларускага).

Чакаецца, што перад еўрадэпутатамі выступіць з заяваю Вярхоўная прадстаўніца ЕЗ ў пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Кэтрын Эштан.

Па выніках дэбатаў плануецца прыняць рэзалюцыю, галасаванне па якой у парадку дня значыцца 15 сакавіка.

На мінулым тыдні віцэ-спікер Еўрапарламенту Яцэк Пратасевіч заяўляў, што на сесіі, якая пачнецца 12 сакавіка ў Страсбуры, беларускае пытанне абмяркоўвацца не будзе: Еўрапарламент дае Менску два тыдні, «каб астыць».

Віцэ-спікер Еўрапарламенту адзначыў, што канфлікт паміж Беларуссю і Еўразвязам настолькі абвастрыўся, што «цяпер застаецца толькі адзін крок да фактычнага разрыву дыпламатычных адносінаў – папрасіць беларускіх амбасадараў у краінах ЕЗ выехаць на кансультацыі ды такім чынам абмежаваць дыпламатычныя адносіны да такога ўзроўню, які цяпер існуе паміж Менскам і Вашынгтонам».

belsat.eu

Стужка навінаў