Як невыязны суддзя судзіў Паўла Вінаградава


«Спачатку здавалася, што суддзя сапраўды хоча разабрацца ў справе», – гаворыць жонка зняволенага Святлана Вінаградава.

На паседжанні, якое адбывалася 13 лютага, даваў паказанні працаўнік Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) ГУУС Менгарвыканкаму. Акрамя таго, выступілі тры сведкі з боку Вінаградава, якія з 18:00 да 19:30 дзяжурылі каля ЦІП, чакаючы Паўла, але так і не дачакаліся. Аднак суддзя Яўген Хаткевіч не прыняў іхных паказанняў да ўвагі ды прысудзіў Паўлу сем дзён арышту.

«Спачатку здалося, што суддзя сапраўды хоча разабрацца ў справе, – дзеліцца ўражаннямі Святлана Вінаградава. – Ён задаваў вельмі шмат пытанняў, быў запрошаны дадатковы сведка з ЦІП і былі апытаныя сведкі, якіх заявіў Павел. Але вынік паказаў, што чарговы раз гэта было паказное – муж атрымаў сем дзён арышту».

На пытанне, для чаго ж суддзя дэманстраваў «бесстароннасць», Святлана адказала: «Ведаю, што ён – у спісах не ўязных у Еўразвяз. Магчыма, рабіў выгляд, каб неяк змякчыць свой лёс».

22 лютага суд Маскоўскага раёну прыгаварыў Вінаградава да 10 дзён адміністратыўнага арышту за акцыю «Игрушко митингуэ!». Яна адбылася ў сталіцы 10 лютага ў рамках кампаніі «Хопіць ныць!», якую праводзіць «Zмена». Перад уваходам у Менгарвыканкам актывісты кампаніі размясцілі дзевяць плюшавых цацак з плакатамі, на якіх утрымліваліся патрабаванні свабоды прэсы, вызвалення палітвязняў ды іншыя лозунгі.

2 сакавіка Паўла Вінаградава мусілі вызваліць з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў, аднак замест гэтага яго затрымалі паўторна. Міліцыянты сцвярджалі, што актывіст лаяўся матам каля гандлёвага цэнтру «Кірмаш» у Менску. Сам Вінаградаў расказвае, што 2 сакавіка проста з ЦІП яго адвезлі ў гарадскі аддзел міліцыі № 2, дзе склалі новы пратакол паводле абвінавачання ў дробным хуліганстве.

5 сакавіка адміністратыўную справу ў дачыненні Вінаградава адправілі на дапрацоўванне.

belsat.eu

Стужка навінаў