Украіну не пераканалі ў бяспецы беларускага мяса і малака


Дзяржаўная ветэрынарная і фітасанітарная служба Украіны не задаволеная з якасці дакументаў, перададзеных Беларуссю ў звязку з прэтэнзіямі да беларускай прадукцыі, якая ўвозіцца ва Украіну, і мае намер правесці інспектаванне заводаў. Пра гэта паведаміў журналістам кіраўнік службы Іван Бісюк, перадае РІА «Новости».

Украіна з 1 сакавіка часова прыпыніла ўвоз з Беларусі на сваю тэрыторыю жывёлы, а таксама мясной прадукцыі з-за меркаванай пагрозы распаўсюду афрыканскай чумы свіней. Таксама з-за сістэматычных парушэнняў ветэрынарна-санітарных патрабаванняў (перавышэнне максімальна дапушчальных узроўняў рэштак ветэрынарных прэпаратаў у малочных прадуктах) часова прыпынілі ўвоз беларускага малака і малочных прадуктаў. Украінскі бок заяўляе, што абмежаванні звязаныя не з якасцю прадукцыі, а з яе бяспечнасцю.

На сустрэчы кіраўніка Дзяржветфітаслужбы Украіны Івана Бісюка і галоўнага дзяржаўнага ветэрынарнага інспектара Беларусі Юрыя Піваварчыка, якая прайшла ў Кіеве 2–3 сакавіка, беларускі бок праінфармавалі пра выяўленыя факты. Пры гэтым галоўнаму ветэрынарнаму інспектару Беларусі перадалі пералік пытанняў, аператыўны адказ на якія мусіў паскорыць развязанне праблемы.

«Мы атрымалі на наш апытальнік асноўную частку дакументаў – не ўсе. Але мушу сказаць, што якасць гэтых дакументаў пакідае жадаць лепшага. Зыходзячы з таго, што мы сёння вывучаем і што мы сёння бачым, у нас будзе вельмі шмат пытанняў наконт гэтых дакументаў», – паведаміў журналістам Бісюк.

Паводле яго, Дзяржветфітаслужба Украіны плануе на гэтым тыдні закончыць апрацоўку пададзеных Беларуссю дакументаў. «Будзем праводзіць інспектаванне і тое, што нам не зразумела ў працэсе вывучэння дакументаў, будзем высвятляць», – дадаў украінскі чыноўнік.

Пры гэтым ён адзначыў, што не бачыць прычынаў для ўвядзення Беларуссю забароны на імпарт украінскай прадукцыі. Паводле кіраўніка ведамства, Украіна, уводзячы часовую забарону, дзеяла выключна ў межах санітарных нормаў. Пры гэтым ён выказаў надзею, што гэтае пытанне ўрэгулюецца ў найбліжэйшай перспектыве.

belsat.eu

Стужка навінаў